Першыя «Ў»годкі кнігарні «логвінаЎ»

uhodk111i

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» і выдавецтва «Логвінаў» 12 лютага (субота) святкуюць першыя ўгодкі існавання кнігарні «логвінаЎ» (або проста «Ў»).

Што нас чакае ў гэты дзень?

1. Візіт знакамітасцяў. На Незалежнасці, 37А прадаўцоў, дырэктараў і касавы апарат кнігарні цэлы дзень будуць віншаваць сябры-літаратары:

Ігар Бабкоў
Валянцін Акудовіч
Адам Глобус
Андрэй Хадановіч
Севярын Квяткоўскі
Марыйка Мартысевіч
Вольга Гапеева
Артур Клінаў
Наталка Харытанюк
Уладзімір Арлоў


2. Раздача сланоў (напалову задарма).
У гэты дзень уладальнік крамы Ігар Логвінаў не будзе кантраляваць сябе ад радасці і прадасць вам любую кнігу ўласнага выдавецтва за 50% кошту, а кнігі ад «Будзьмы» — са зніжкай у 70%.


3. Раздача лічбавых сланоў.
Кожнаму, хто зойдзе ў гэты суботні дзень у кніганю «Ў» (нават без усякай мэты), кампанія «Будзьма беларусамі!» падорыць СD-зборнік. Будзьма з дыскам!

4. Дзіцячы літаратурны ранішнік з удзелам Віктара Жыбуля, Веры Бурлак і Андрэя Хадановіча. «Дзіця — разгорнутая кніга» (К.Чукоўскі). Цікавосткі, падрыхтаваныя для дзяцей, дададуць добрага настрою іх бацькам. Без падарункаў ад кампаніі «Будзьма!» не абыдзецца і тут.

Такім чынам, падсумоўваем:

Ў-годная праграма, 12 лютага:

14:30 —16:00 — Дзіцячы літаратурны ранішнік.
16:00 — 17:30 — Выступ літаратурных знакамітасцяў з віншаваннямі кнігарні.
17:30 — 18:30 — Бард-канцэрт. Музыкі адцягнуць увагу, калі ў шыбы кнігарні будуць драпацца прыцемкі.
18:30 — 20:00 — Працяг выступу знакамітасцяў, а таксама прэзентацыя новых кніг выдавецтва «Логвінаў», конкурсы з падарункамі.

Будзьма ў кнігарні «Ў»!

Адрас: Незалежнасці, 37А, гэта ў двары за домам «Подзвіг народа» на плошчы Перамогі.