Ад месячніка да Стагоддзя беларускай мовы

Паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава 16 лістапада выступілі ў сталічнай СШ № 26, дзе праходзіў месячнік беларускай літаратуры. Старшакласнікі з зацікаўленнем слухалі вершы пра Льва Сапегу (на ягонай вуліцы знаходзіцца школа), Максіма Багдановіча, Ларысу Геніюш, Гіёма Апалінэра (з беларускага роду Кастравіцкіх), Каруся Каганца і песні на словы Сержука Сокалава-Воюша. Пасля сваіх выступаў госці зладзілі для вучняў імправізаваную віктарыну, пераможцы якой атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Завуч школы сп. Антончык напрыканцы сустрэчы падзякавала выступоўцам і прызналася: каб такія творцы часцей бывалі ў іхняй установе, то беларуская мова гучала б на школьных калідорах не толькі тыднямі і месяцамі, і адзначаць тады давялося б хіба Стагоддзе роднай мовы.