У сталічнай галерэі «Ў» Алесь Аркуш адзначыў выхад свайго першага рамана «Палімпсест». Павіншаваць пісьменніка прыйшло каля ста чалавек, у тым ліку літаратары Уладзімір Арлоў, Пятро Васючэнка, Ігар Сідарук, Зміцер Вішнёў, Славамір Адамовіч, Віктар Жыбуль і іншыя. Многім наведнікам імпрэзы не хапіла месца і давялося стоячы дзве гадзіны назіраць за цікавай дзеяй.
Аркуш і «Будзьма»
Алесь Аркуш – рэдкі госць у сталіцы Беларусі. Калі паўставала Таварыства вольных літаратараў, ён як ідэолаг літаратурнай суполкі заклаў у падмурак аб’яднання “двух кітоў” – рэгіяналізм і нонканфармізм. Таму асноўная дзейнасць Таварыства ладзілася па-за межамі сталіцы. Упершыню прэзентацыю сваёй кнігі (а гэта быў паэтычны зборнік “Прывід вясны”) Алесь Аркуш наладзіў у Мінску ў 2003 годзе. Адбылася падзея дзякуючы падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра. Другая прэзентацыя ў сталіцы прайшла амаль праз 10 гадоў. Гэтым разам дапамагала грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” – Алесь Аркуш прадставіў сталічнай публіцы свой першы раман “Палімпсест”. Выказваючы падчас імпрэзы падзяку “Будзьме”, аўтар згадаў, як удзельнікі літаратурнай акцыі “Лепельскія алітэрацыі”, што ладзіла ТВЛ у Лепелі ў 1995 годзе, заклікалі месцічаў быць беларусамі.
Аркуш пострамантычны
Пра тое, што Алесь Аркуш пачаў пісаць раман, ён паведаміў у сваім блогу некалькі гадоў таму. Час ад часу Аркуш выстаўляў у LJ кавалкі будучага твора. У 2009 годзе часопіс “Дзеяслоў” надрукаваў першы раздзел рамана. І вось нарэшце ў выдавецтве “Галіяфы” выйшла кніга. На прэзентацыі Алесь Аркуш назваў свой раман пострамантычным. У другой палове 90-х тэарэтыкі ТВЛа зладзілі круглы стол, прысвечаны пострамантызму. І вось практыка падцягнулася да тэорыі. З’явіўся першы вялікі твор, напісаны паводле тэвээлаўскіх літаратурных канцэпцыяў.
Аркуш музычны
Алесь Аркуш вядомы і як аўтар тэкстаў для песняў беларускіх рок-гуртоў. Найперш варта згадаць ягоную супрацу з полацкім гуртом “Мясцовы час”. Таму прэзентацыя не магла адбыцца без удзелу рок-музыкаў. Аркуш запрасіў панк-гурт Monkey Bite і гурт “Верасень” з Вольгай Акуліч. Сюрпрыз для Аркуша падрыхтаваў экс-музыка гурта “Краджа золата” Віктар Лупасін. Ён напісаў песню на верш з рамана “Палімпсест” і выканаў яе на імпрэзе. Аркуш паабяцаў уключыць яе ў кружэлку, складзеную з найлепшых песняў на ягоныя вершы, якую мяркуе выдаць наступным годам.
Аркуш і землякі
Падзеі, якія апісваюцца ў рамане “Палімпсест”, адбываюцца ў канцы 70-х у Жодзіне, дзе нарадзіўся пісьменнік. У 1987 Аркуш пераехаў у Полацк. І жодзінцы, і палачане лічаць яго сваім земляком, таму на сталічную прэзентацыю прыехалі сябры Аркуша як з крыўскай сталіцы, так і з радзімы БелАЗаў. З Жодзіна прыехала, напрыклад, вядомая тамтэйшая краязнаўца Ірына Згрундо, што даследавала род Алеся Аркуша “па кудзелі” і напісала даследчую працу пра продкаў пісьменніка, якія паходзілі са Смалявіцкага раёна, з мястэчка Юр’ева. У сваіх выступах Пятро Васючэнка і Уладзімір Арлоў расказалі, колькі карыснага зрабіў Алесь Аркуш для Полацка.
Аркуш і ТВЛ
У наступным годзе тэвээлаўцы будуць адзначаць 20-годдзе сваёй суполкі. Таму яны заснавалі кніжную серыю “Бібліятэка ТВЛ”. Раман “Палімпсест” выйшаў першым у гэтай серыі. Плануюцца кнігі Вінцэся Мудрова, Ігара Сідарука, Юрыя Гуменюка, Сяргея Шыдлоўскага, Алены Ніякоўскай.
Аркуш і моладзь
Адна наведніца імпрэзы даслала Алесю Аркушу падчас прэзентацыі цыдулку, у якой напісала, што паходзіць з Жодзіна і жыла ў тым самым раёне, што і аўтар рамана. Дзяўчына паведаміла, што збіраецца таксама напісаць раман, але ўжо пра Жодзіна канца 90-х, і спытала, “ці варта, ці не вычарпаная гэтая тэма Вамі?” Каб заахвоціць дзяўчыну да працы, Алесь Аркуш падараваў ёй вінілавую кружэлку гурта Santana. Альбом, дарэчы, называецца Amigos, што ў перакладзе з іспанскай азначае “сябры”.
Тамаш Гурба, спецыяльна для “Будзьма беларусамі!”