29 жніўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” бард Алесь Камоцкі дасць выступ ў Наваградку ў музеі Адама Міцкевіча. Пачатак выступу – а 15.00. Душэўныя песні барда стануць добрым аккампанементам для пачатку вандроўкі па маляўнічых краявідах Беларусі, якія ёсць асноўнай тэмай творчасці Яна Рыдзікі, выстава прац якога і пачынаецца ў гэты дзень. Ініцыятар сустрэчы і выставы – айцец Сяргей Сурыновіч.
Ян Рыдзіка нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Барадзінічы Браслаўскага раёна. Яго бацька, Антон Паўлавіч, добра маляваў, іграў на скрыпцы, прымаў удзел у мясцовым самадзейным тэатры. Яго талент перадаўся сыну. Ян Рыдзік скончыў Барадзінічскую сямігадовую школу, потым – дзесяцігодку ў Ёдах. Пасля таго, як закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, два гады працаваў аграномам. Але мара стаць настаўнікам яго не пакідала, і ён паступіў на завочнае аддзяленне Віцебскага педагагічнага інстытута. Больш за 35 гадоў адпрацаваў настаўнікам у родных Барадзінічах, арганізаваў і аформіў школьны музей прыроды.
Ян Рыдзіка – цікавы суразмоўца, шмат чытае літаратуры па гісторыі мастацтва, гістарычнай, філасофскай, займаецца музыкай. Ён з’яўляецца сябрам Браслаўскага музея ад часу заснавання. Удзельнік мноства музейных выстаў, у тым ліку прысвечаных 500-годдзю Францыска Скарыны (1990 г.), 200-годдзю паўстання 1794 года (1994 г.), 935-годдзю Браслава (1995 г.), традыцыйных выстаў “Восеньскі салон”. Музей арганізаваў некалькі персанальных выстаў Яна Рыдзікі: “Талент шчодрага сэрца” (1997 г., да 60-годдзя мастака), “Кветкі Яна Рыдзікі”(1998г.).