Што тоеснага паміж музыкай, культурай і дабрачыннасцю, як быць міласэрным у сённяшніх рэаліях, у чым значнасць дабрачынных канцэртаў? Над гэтымі ды іншымі пытаннямі напярэдадні музычнай акцыі “Добры фэст” разважае яе будучы удзельнік, лідэр гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Куллінковіч.
– Ці часта Вам даводзіцца ўдзельнічаць у дабрачынных канцэртах, акцыях, у чым іх значнасць?
– Для ўсіх нас складана раскрыць гаманец і аддаць грошы. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве, набыць квіток – іншая справа. Калі сустракаеш жанчыну, якая збірае грошы на храм, не шкада іх аддаць. Калі бачыш нейкую абвестку, кшталту пералічыць грошы на рахунак – можа, лянота, можа, страшна. Калі мы збіраем дабрачынны канцэрт ці фэст і праз яго пералічваюцца сродкі на дапамогу камусьці – гэта важна. Наш гурт гатовы граць на такіх канцэртах заўжды.
– Ці дастаткова такіх канцэртаў на сёння, з якой рэгулярнасцю яны мусяць адбывацца?
– Для майго гурта іх дастаткова. У прынцыпе, добра было б, каб такія канцэрты праходзілі раз на тыдзень. Крочыш па вуліцы і бачыш абвестку: “Збіраем грошы на дзіцячы дом” – чалавек пойдзе далей, зрэдку спыніцца. У іншым выпадку чалавек прыходзіць на канцэрт, дзе выступаюць цікавыя для яго гурты, – адзін як мінімум. Заплаціў за квіток, папіў піва, паслухаў музыку, пакаўбасіўся, паскокаў, адпачыў і тым самым дапамог людзям. Галоўнае, каб канцэрт быў празрыстым. Аднойчы мы гралі для “Беларускага хоспісу”, пасля выступу мяне запрасілі на канферэнцыю, дзе было распісана, куды былі пералічаныя сродкі і што было зроблена. Гэта вельмі важна.
– Канцэрт “Добры фэст” праходзіць пад лозунгам “Будзьма міласэрнымі!”. Што для Вас міласэрнасць?
– Наогул, для мяне міласэрнасць – гэта элементарная ветлівасць. Я карыстаюся метро, і калі чалавек, выходзячы з метро, прытрымлівае за сабой дзверы, каб нікога гэтымі дзвярыма не штурханула, гэты чалавек ужо міласэрны, ён потым сабачку выратуе.
– У чым сувязь між культурай, дабрачыннасцю, міласэрнасцю, як могуць узаемадзейнічаць гэтыя паняцці?
– Мне падаецца, што культурны чалавек – заўжды міласэрны. Калі ёсць мажлівасць, ён можа ахвяраваць дзеля чагосьці добрага. Я лічу, што чым горай жывуць людзі, тым яны дабрэйшыя. Калі людзі будуць жыць зусім дрэнна, яны пачнуць заўважаць праблемы іншых. Што таму дрэнна, і таму дрэнна, а неба блакітнае, а траўка зялёная. У мяне цяпер ёсць мэта, нават не мэта, а чалавек, якому я хачу дапамагчы і пералічыць грошы на рахунак. Але пастаянна ўзнікаюць нейкія перашкоды: то грошай не хапае, то патрэбы ў сям’і ўзнікаюць. Я вельмі небагаты і хачу перадаць грошы гэтаму чалавеку, але заўжды знаходзіцца нейкая прычына. І мне сорамна, не перад кімсьці, а перад самім сабой.