Раскажу вам пра хлопца, што жыў у вершы,
няскончаным і нідзе не надрукаваным.
Яго прыдумаў паэт, калісьці неперавершаны,
а сёньня стары, самотны й расчараваны.
Хлопец джынсы насіў зь дзіркай вышэй калена,
швэдар, зьвязаны мамай, цёплы і модны.
А ў ботах шнуркоў не было. Калі ўжо казаць сумленна,
то пра шнуркі не падумаў паэт самотны.
Хлопчыку падабалася раньняя восень,
пасядзелкі ў кавярні, калі ня паляць,
падарожжы тралейбусам трыццаць восем
і дзяўчо, што адразу запала ў памяць.
Дзяўчынка села насупраць і так зірнула з-пад веек,
што ўсё ў тралейбусе зьнікла, апроч дзяўчынкі.
І ён шукаў словаў, каб загаварыць, але не выходзіла неяк,
бо ён толькі ў межах верша рабіць мог учынкі.
У дзяўчыны ў руках букецік валошак,
і хлопец ужо гатовы спытаць: “Незнаёмка, хто ты?”
А ў паэта пахмельле, незасьцелены ложак
і працягваць пісаць – ніякай ахвоты.
І ўсё абрываецца раптам, букецік вяне,
а потым зноў раньняя восень і пасядзелкі ў кавярні…
І хлопец даўмеўся: “Жыцьцё маё кружыць па коле,
і на размову зь дзяўчынай ня хопіць часу ніколі.
Зранку прачнуўся – тым горай, вочы і рукі вымый.
Вось мой сьняданак. Трэба выходзіць а восьмай.
Вось прыпынак тралейбусны канцавы мой,
і трыццаць восьмы вось мой.
Крочыць і не зважаць на лужыны пад нагамі…”
І тут ён заўважыў: дзяўчына яму ўсьміхаецца.
Потым пытае: “А што з тваімі шнуркамі?
Шматкаляровыя хочаш? Табе спадабаецца”.
Гэта самотны паэт знайшоў на гарышчы
верш, які думаў, што зьнішчыў, але ня зьнішчыў.
І, паглядзеўшы на тыя крамзолі, неспадзявана
давершаваў усё, што было недавершавана.
І стаў паэт маладзець, унутры і звонку,
і кансэрватыўны крытык назваў яго малайчынай.
Да паэта вярнуліся муза, каханка і жонка,
што назаўсёды сталі адной жанчынай.
І хлопец сказаў дзяўчыне: “Мне падабаецца восень,
дажджы і калі на вуліцах лісьце паляць,
падарожжы тралейбусам трыццаць восем
побач з табой, што адразу запала ў памяць”.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973. Выкладае ў БДУ гісторыю французскай літаратуры. Кіраўнік “Перакладніцкай майстэрні” у Беларускім калегіюме. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. З 10 снежня 2008 г. узначальвае Беларускі ПЭН-цэнтр. Аўтар некалькіх паэтычных кніг.