Лысыя тыраць валасатых –
вясёлы канец васьмідзесятых.
Хлопец Алесь з вёскі ў горад
яблык прывёз дзяўчыне знаёмай.
(Прабачце, вы бачылі гэту дзяўчыну?
Вось, калі ласка, яе фотаздымак.)
Прыгожая, толькі, на жаль, фотакартка
не можа дакладна сказаць пра характар,
але маладосці не трэба багата,
даволі пагляду, каб закахацца.
Таму і не дзіва, што хлопец Алесь
яблык трэс, быццам зоркі трэс.
* * *
Чарговай удачай завершыўся з’езд
у местачковае школе.
Пайду да цырульні – зраблю іракез.
У нашым мястэчку – восень.
Зраблю іракез для ўласнай душы
на галаве задзяўбанай.
Хай будзе мне радасць якая ў жыцці –
на зайдрасць Гарвыканкаму!
* * *
Ты жывеш у мястэчку Мір,
твае мары толькі аб тым,
каб цябе да сябе прытуліў
знакаміты спявак R’n’B.
Толькі Мір – не Масква і не Рым:
доўга едзе замежны спявак…
А сусед твой у вокны глядзіць –
ёсць надзея ў ягоных вачах!
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Андрусь Такінданг – мастак, музыка, паэт. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў сям’і беларускі і ўраджэнца Чаду. Скончыў мастацкі каледж імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры. Удзельнік гуртоў «Recha», «Гаротніца».