Аншлаг на “ВЫЯВАХ-2008”

6 снежня ў Тэатры рускага рамансу ў межах кампаніі “Будзьма!”адбылася феерычная прэзентацыя літаратурна-мастацкага праекту “Выявы-2008”. Падчас яго выступоўцамі былі прадстаўленыя адразу некалькі кірункаў развіцця сучаснай беларускай культуры: літаратурны, музычны і візуальны.

Вечарына распачалася электроннай музыкай маладога паэта Рагнеда Mалахоўскага. Сваёй выбуховай энергетыкай, вершамі і “спробамі аб’ектыву” зачаравала прысутных паэтка Валярына Кустава. Былі з цікавасцю ўспрынятыя адмысловыя праграмы (вершы+слайды) ад Юлі Новік, Аксаны Спрынчан і Вікі Трэнас, якая адначасова была вядучай імпрэзы. Вольга Гапеева прапанавала некалькі запісаў са сваіх замежных выступаў.

Падчас імпрэзы быў прадэманстраваны фільм “Лупы” Волі Чайкоўскай, зняты адмыслова для яе дэбютнай кнігі. Ганна Федарук выканала для гасцей усходні танец. У межах праекту выступілі вядомыя беларускія музыкі Юры Несцярэнка і Алесь Камоцкі.

У антракце Валярына Кустава і Алесь Камоцкі правялі віктарыну ад кампаніі “Будзьма”, задаўшы публіцы вясёлыя пытанні, датычныя біяграфій вядомых беларускіх паэтаў.  Пераможцы атрымалі прызы.
Вечарыну ўшанавалі сваёй прыстутнасцю журналісты з дваццаці выданняў, радыё- і тэлеканалаў, а таксама замежныя госці.

Кожны наведнік атрымаў ў падарунак унікальны мультымедыйны дыск “Выявы-2008”.
Імпрэза была здзейсненая дзякуючы яго арганізатарцы “дзяўчынцы са свістком” Віке Трэнас.

“Будзьма!” дзякуе за прадастаўленую інфармацыю Тарасу Трызне і Валярыне Куставай за фотаздымкі.