Антон Астаповіч прапануе захапіць сусветны рынак па экспарце фінікаў

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распачало новы сезон рэгіянальных мерапрыемстваў 30 студзеня.

Круглы стол з удзелам старшыні Таварыства Антона Астаповіча, сябра Таварыства Змітра Яцкевіча і каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігара Лялькова прайшоў у СШ №3 у Мёрах Віцебскай вобласці.

Круглы стол ладзіўся пры падтрымцы Мёрскага райвыканкаму і з удзелам прадстаўнікоў раённай выканаўчай улады. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў настаўнік гісторыі, краязнаўца і даследчык-энтузіяст Вітальд Ермалёнак.

Антон Астаповіч:
“Падчас круглага стала былі плённа абмеркаваныя пытанні краязнаўчага вывучэння Мёраў і ваколіц і інтэрпрэтацыі гістарычна-культурнай спадчыны ва ўстойлівым развіцці рэгіёну. Найбольшую цікавасць да праблематыкі круглага стала выказалі старшыня Дзісенскага гарвыканкаму В. Мароз і старшыня Перабродскага сельскага савету Г. Паўловіч. А дзісенцы так прадставілі свой горад, што раніцай мы выехалі туды для знаёмства з яго старадаўняй і найбагацейшай гісторыяй і культурай. Сапраўды, горад уразіў. Можна шмат гаварыць пра архітэктурныя помнікі, але пальмы насупраць руінаў земскай бальніцы – сківіца адвальваецца. Так што ёсць усе надзеі захаваць нацыянальныя святыні – нашыя помнікі і ў перспектыве захапіць сусветны рынак па экспарце фінікаў. Застаецца сказаць – прыязджайце ў Дзісну”.

Круглы стол адбыўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”