Ранак спявае над Менскам,
Таньчыць на вуліцах квецень,
Горадам коціцца вестка –
Элвіс ідзе па праспекце.
Не па ТВ, не ў газеце –
Баба адна расказала:
Элвіс ідзе па праспекце –
Проста, куды ні папала.
Песня ліецца праз вокны,
Тэксты кладуцца на вецер,
Элвіс смяецца ў натоўпе,
Элвіс ідзе па праспекце.
Маці ўсміхаецца дзецям,
Муж усміхаецца жонцы,
Элвіс ідзе па праспекце
І ўсміхаецца сонцу.
Хто павядзе мільёны?
Хто вынаходзіў тэтрыс?
Хто ганаровы донар?
Хто разьлівае “Бэйліз”?
Хто разгружаў вагоны?
Хто падымае ветразь?
Дзеці, скажыце, хто ён?
– Элвіс!
Вядома, Элвіс.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Антон Рудак нарадзіўся 9 жніўня 1989 г. ў Мінску. Студэнт гістфаку БДУ. Перакладае з польскай мовы. Фіналіст конкурсу Беларуску ПЭН-Цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш.