Чарговае ўручэнне першай беларускай літаратурнай антыгламурнай прэміі “Блакітны Свін” суполкі “Літаратурнае прадмесце” адбудзецца ў Мінску 30 студзеня.
Прэмія прысуджаецца за нонканфармізм у мастацтве, здольнасць захаваць сваё творчае аблічча і яркія праекты цягам году. Лаўрэат атрымлівае дыплом і “сто чаго-небудзь”. Чаго 100 – вырашаецца галасаваннем, у гэтым годзе гэта 100 насовак.
Лаўрэатаў ганаровых 2 і 3 месцаў чакаюць прызы ад грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Aксана Бязлепкіна, сябра суполкі, беларуская пісьменніца, літаратуразнаўца, крытык:
“Гэта не першая сімвалічная прэмія ў беларускай прасторы, але, мяркую, першая, што нарадзілася з закаханасці. Адной з сябровак нашай суполкі хлопец-масквіч, прыехаўшы на адзін дзень на спатканне ў маленькі, чысты і ганарлівы сталічны горад, падараваў велізарнага блакітнага парсючка. Мы зразумелі, што гэта не проста так, што гэта нейкі знак з вышыні”.
Кіраўнік суполкі пісьменніца Людміла Рублеўская:
“Блакітны Свін – беларуская птушка шчасця. У яго скура рамантычнага і наіўнага колеру неба, а пад ёю хаваецца дыхтоўнае тутэйшае сала з белымі і чырвонымі праслойкамі. Блакітны Свін падазрае, што многія, гледзячы на яго, уяўляюць дзяльбу кабанчыка, але па сваёй шчырай рамантычнай натуры (і некаторай таўстаскурасці) у гэта ўсё-ткі не верыць і заўжды гатовы да любых авантураў і новых знаёмстваў. Ён аптыміст, але ведае, што праўдзіваму пісьменніку трэба час ад часу ўпадаць у дэпрэсію. Блакітны Свін – экстравагантны, трохі брутальны, але вельмі ўдалы вобраз, які цалкам можа стацца архетыпам. Тут і авангард, і нацыянальная традыцыя, і вялікія магчымасці для фантазіі”.
Апошнія вынікі галасавання (дзе любы чалавек мог выказаць сваё меркаванне) выглядалі так:
Маргарыта Аляшкевіч 24%
Алёна Беланожка 24%
Віка Трэнас 24%
Яшчэ два намінанты: Андрэй Федарэнка (7%) і Сяргей Патаранскі (3%) не вытрымалі конкурсу на “самую самавасць” і прайгралі жаночаму трыё. Але вось хто менавіта атрымае першае месца, можна будзе даведацца толькі ў 14.00 у кавярні “Лёндан”, (пр. Незалежнасці, 18).
Намінацыя арганізуецца пры ўдзеле кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Мінск