31 сакавіка адбылося ўручэнне беларускай літаратурнай антыгламурнай прэміі “Блакітны Свін” суполкі “Літаратурнае прадмесце”. “Беларуская птушка шчасця”, прэмія, якая разбурае стэрэатыпы, прысуджаецца па выніках галасаванкі за здольнасць захаваць творчае аблічча і цікавыя праекты цягам года. Узнагарода ўяўляе з сябе дыплом (на тле блакітнага неба выява пятачка, што нагадвае адначасова разетку, праз якую можна падключыцца да творчай энергіі) плюс сто чаго-небудзь. Чаго сто – вырашаецца таксама галасаваннем. Сто чаго-небудзь было: алоўкі, заточаныя ўручную, свечкі, перапяліныя яйкі, насоўкі, запалкі. Сёлета ўручалася сто розных поліэтыленавых пакетаў.
Сярод ранейшых лаўрэатаў – Аксана Спрынчан, Мікола Кандратаў, Віктар Ываноў (цяпер – Лупасін), Маргарыта Аляшкевіч, Віка Трэнас. Летась быў упершыню ўручаны дыплом “Ганаровы Блакітны Свін”, лаўрэатам стаў Пятро Васючэнка.
Па выніках галасавання прэмію “Блакітны Свін – 2012” атрымала Наталка Кучмель за выхаванне літаратурнага густу ў маладых паэтаў, нонканфармізм і творчую сумленнасць. На другім месцы – Юлія Новік, сузаснавальніца прома-групы “ВЮ”, на трэцім – Юрась Нераток, ініцыятар стварэння СМС-паэмы. Дыплом “Ганаровы Сьвін – 2012” атрымаў Георгій Барташ за арганізацыю незвычайных літаратурных праектаў і далучэнне да іх маладых літаратараў.
Уручэнне прэміі адбылося ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму ні адзін пераможца не застаўся без памятнага падарунка – торбы альбо цішоткі.