4 траўня ў Ліцэі пры ўніверсітэце адбылася літаратурная сустрэча журналіста і паэта Глеба Лабадзенкі і барда Таццяны Беланогай з вучнямі 10-11 класаў. Сустрэча прайшла ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Глеб Лабадзенка прэзентаваў навучэнцам аповесць Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы” ў непадцэнзурным выглядзе. Унікальнае выданне дэталёва паказвае ўсе цэнзарска-рэдактарскія праўкі твора і дае ім грунтоўны аналіз. Вучні былі шчыра здзіўленыя шматлікімі новымі для сябе фактамі і “натуральна” засыпалі Глеба пытаннямі. Тое, што карэктары і цэнзары зрабілі 212 правак у рукапісе Уладзіміра Караткевіча з 23 лістоў, не можа не здзівіць, але пра гэта больш і лепш напісана ў самой кнізе.
Таццяна Беланогая ўзгадала пра сёлетні юбілей –120 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча — і праспявала песні на вершы паэта. Таксама прагучалі творы з новага альбому “Ніткі”, які Таццяна запісала і выдала напрыканцы мінулага году, і старыя, правераныя часам песні. Сшытыя “Ніткамі” ў адно цэлае выканаўца і слухачы доўга не маглі адпусціць адно аднаго, пакуль раптоўны званок не разлучыў іх. Да наступнай творчай сустрэчы.
Самыя актыўныя з вучняў, што сталі пераможцамі конкурсаў, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

