Дэма-фэст шчырай музыкі «Музычны апельсін» пройдзе ў мінскім клубе «Рэактар» 8 красавіка.
Пачатак а 19-й.
На сцэну клуба «Рэактар» падымуцца акторы тэатра і кіно, каб абвясціць
пластычны тэатр InZhest, тэатр сучаснай харэаграфіі DOZSK.i, Morfe acoustic band, Naka, Akana NHS, Dali, «Босае сонца», «Бибиклюкас», «Белую косць», «Нагуаль», «Вобласць сэрца» (Масква), Зм. Вайцюшкевіча, Pranayama (праект Андрэя Карпа), Metalgues (г. Наваградак), «Маланку electromix», «Или-или».
Сяргей Пукст ціха (амаль пра сябе) абесціць аб пачатку здымак чарговага выпуску музычнай перадачы «Бульбокс» на 8 канале. Усіх чакае шмат падарункаў i сюрпрызаў ад грамадска-культурнiцкай кампанii «Будзьма беларусамi!» Дэма-фэст працягнецца да 2 гадзін, пасля ўсе ахвотныя змогуць застацца на апельсінавую after-party.
У 2010 годзе падтрымаць дэма-фэст вырашыла кампанія «Будзьма беларусамi!»
Прадусар фестывалю Дзмітрый Саладуха:
– Мы вельмі радыя, што да нашага фестывалю далучылася кампанія «Будзьма беларусамі!» Мы шчыра спадзяемся, што гэтае першае супрацоўніцтва стане знакавым для нашага фестывалю і далейшага развіцця дзейнасці творчага аб’яднання «ПАН-студыя» ў цэлым.
Але не толькі партнёрская долька паміж «Музычным апельсінам» і кампаніяй «Будзьма беларусамі!» робіцца сакавіцейшай і ярчэйшай.
Наліваецца сокамі і долька тэатральная: акрамя вядомага актора тэатра і кіно Антона Эльдарава (зорка серыялаў «Салдаты», «Казус Кукоцкага», «Браты па-рознаму»), які на фестывалі выступіць у ролі вакаліста гурта «Вобласць сэрца», у дэма–фэсце возьме ўдзел гурт «Или-или», які практычна цалкам складаецца з людзей тэатру (Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч чаго вартыя). Не варта таксама забываць, што ўдзельнікамі дэма-фэсту ў гэтым годзе стане тэатр сучаснай харэаграфіі DOZSK.i, а таксама пластычны тэатр InZhest.
А самае галоўнае – арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі гледачам яшчэ адзін сюрпрыз: вядоўцамі фестывалю стануць 7 актораў галоўных тэатраў Мінска. Іх імёны пакуль трымаюцца ў сакрэце.
Дэма-фэст шчырай музыкі “Музычны апельсін” – гэта унікальны праект творчага аб’яднання ПАН-студыя, аналагаў якому на тэрыторыі Беларусі няма. Яго мэта – прыцягнуць як мага больш увагі да маладых беларускіх выканаўцаў, прынесці долькі яркай шчырай творчасці ў шэрыя будні.
Музычны апельсін – гэта сапраўды поліфанічная з’ява, да ўдзелу ў якой запрашаюцца не толькі музыкі (самае цікавае, што ў межах аднаго канцэртнага дня забойны ска можа межаваць з інтэлектуальным этна-джазам, а модны інды-рок – з музыкай стылю «закуска пад піва»… Ды не проста межаваць, а гарманічна спалучацца), але і акторы са сваімі праектамі, фатографы і мастакі.
Менавіта змешванне стыляў і кірункаў, сумяшчэнне таго, што часам здаецца несумяшчальным, дазваляе кожнаму гледачу знайсці тое, што яму будзе цікава, і прыняць новае, толькі што з ім пазнаёміўшыся ў прыязнай і вясёлай атмасферы фэсту.
Праект стартаваў у 2007 годзе, калі новая генерацыя беларускай нефарматнай музыкі толькі-толькі пачынала самавызначацца. Але ўжо тады з’ява выклікала прыкметную цікавасць гледача, што стала важным паказчыкам перспектыўнасці абранага напрамку. Па выніках 2008 году тэлекампанія “Мір” назвала дэма-фэст «Музычны апельсін» самай цікавай з’явай у музычнай культуры Беларусі.
Клуб «Рэактар» знаходзіцца па адрасе: вул. Веры Харужай, 29.
Квіткі: 25 тыс (папярэдне), 30 тыс (у дзень мерапрыемства) – танцпол, 40 тыс. – столік.
Даведкі і замова: 8 017 294 22 22, 8 029 678 23 99