Гадавіна кампаніі “Будзьма беларусамі!”: мы расцем!

1 кастрычніка  — год як агульнанацыянальная культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі” справамі даводзіць сучаснасць і перспектыўнасць беларускай культуры. За гэты час па ўсёй Беларусі прайшло больш за 900 імпрэзаў: выставы, канцэрты, экскурсіі, літаратурныя сустрэчы, гістарычныя лекцыі, шоў беларушчыны, курсы беларускай мовы, прэзентацыі кніг і часопісаў ды інш. Гледачамі і ўдзельнікамі нашых мерапрыемстваў сталі каля 75000 чалавек у амаль 150 населеных пунктах Беларусі.


budzma1

На працягу  года разам з удзельнікамі імпрэзаў ініцыятары кампаніі пераасэнсоўвалі, што значыць быць беларусам, што нас яднае акрамя пашпарту і дзяржаўных межаў. А гэта і любоў да краіны, да людзей, да гісторыі і мовы Беларусі, жаданне быць асобай, быць гаспадаром, быць еўрапейцам, адчуваць годнасць і гонар за сваю Бацькаўшчыну.

Год таму кампанію ініцыявалі дзесяць грамадскіх арганізацый, сёння нас ужо 31. Акрамя гэтага, да арганізацыі і правядзення імпрэзаў кампаніі цягам года далучыліся яшчэ 92 “культурныя адзінкі” — арганізацыі і ўстановы, рэдакцыі СМІ і Інтэрнет-рэсурсы, творчыя асобы і калектывы.

Цягам году рэалізаваныя праекты: «Як я стаў беларусам», «Тузін. Перазагрузка», «Паганства», фотаконкурсы «Будзьма беларусамі!» і «Турыстычная Беларусь». Выдадзена цэлая серыя бясплатных дызайнерскіх паштовак «Будзьма!», музычны дыск «The best Folk-modern». Скончана праца над дыскам-двайніком “Budzma the best rock”.

Першы год правядзення кампаніі прадэманстраваў: попыт на сучасны беларускі культурны прадукт значна перавышае прапанову. І вырашыць гэтую праблему можна толькі супольнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых бакоў. Паасобку ні грамадскія арганізацыі, ні дзяржаўныя структуры такі попыт задаволіць не ў стане. І толькі аб’яднаўшы намаганні можна данесці да людзей усё багацце сучаснай беларускай культуры, якая з’яўляецца падмуркам для фармавання мадэрнай беларускай нацыі.

Інфармацыйная пляцоўка кампаніі “Будзьма беларусамі!” – сайт budzma.org – ператвараецца ва ўнікальны культурніцкі інтэрнет-рэсурс. На ім месцяцца не толькі навіны кампаніі, але і дайджэст навінаў, якія датычаць сучасных культурна-грамадскіх актуалій Беларусі, а таксама ўласная інфармацыйна-інтэлектуальная прадукцыя: рэпартажы з культурніцкіх імпрэзаў, кніжныя рэцэнзіі, аўтарскія праекты. Наведваемасць сайта расце з кожным днём.

***

Сёння каардынатары кампаніі “Будзьма беларусамі!” так ацэньваюць развіццё кампаніі:

Ніна  Шыдлоўская: “Не сакрэт, што цэнтрам культурнага жыцця краіны з’яўляецца сталіца. Дзякуючы імпрэзам кампаніі “Будзьма беларусамі!” шмат людзей у рэгіёнах упершыню дазналіся пра розных творцаў і творчых праектаў сучаснай беларускай культуры”.

Ігар  Лялькоў: “За год культурніцкія акцыі нашай кампаніі наведалі дзясяткі тысяч людзей. Самае прыемнае, што сярод гледачоў і слухачоў не было выразнага падзелу на беларускамоўных і рускамоўных, юных і сталых, бяднейшых і заможнейшых. Імпрэзы “Будзьма беларусамі!” выявіліся аднолькава цікавымі для ўсіх. Мы з радасцю пераканаліся, што сапраўды якасная культура спрыяе паўстанню агульнанацыянальнай культурнай прасторы. Людзі жадаюць усведамляць сваю прыналежнасць да адзінага народу, і культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” дапамагае ім у гэтым”

Алена Макоўская: “Радуе, наколькі спрыяльна да імпрэзаў “Будзьма беларусамі!” ставіліся ў бібліятэках, дамах культуры, музеях, галерэях, навучальных установах. Вельмі прыемна, што многія звярталіся паўторна. Нам адмаўлялі ў правядзенні імпрэзаў у межах кампаніі вельмі рэдка”.

Сайт  кампаніі budzma.org аб’яднаў тысячы і тысячы людзей з усёй краіны. Траціна наведнікаў з Мінска, палова з іншых буйных гарадоў, пятая частка з малых гарадоў і вёсак.

Севярын Квяткоўскі: “Быць беларусам – гэта клёва! Гэта сучасна, гэта модна, гэта перспектыўна. Ведаць гісторыю і культуру і бачыць перспектыву – вось што значыць быць беларусам. Такое ўражанне складаюць наведнікі сайту budzma.org . За год склалася кола сталых наведнікаў, якое ўвесь час павялічваецца. Пераважна гэта моладзь да 24-х гадоў”.

Год для  агульнанацыянальнай кампаніі –  ці шмат гэта? З аднаго боку, зроблена нямала. З іншага – цікаўнасць людзей да культурніцкага жыцця натхняе  да пошуку новых цікавых формаў папулярызацыі сучаснай беларускай культуры, бо гэта патрэбна грамадству. “Будзьма беларусамі!” – застаецца кампаніяй агульнанацыянальнай, грамадскай, а значыць – адкрытай да партнёрства і цікавых прапаноў.

Прэсавая  служба агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!