Анімацыя “Будзьма беларусамі!” са шчытом вяртаецца з 13-га Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Мультфільм атрымаў золата ў «Анімацыі» і бронзу ў «Рэжысуры» дзякуючы крэатыву Юліі Ляшкевіч, анімацыі Юліі Рудзіцкай, саўндтрэку ад Аляксандра Памідорава і Лявона Вольскага. І, канешне, ніколі б не дасягнуў такіх вынікаў без зладжанай працы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і парталу TUT.BY, якія прэзентавалі яго ў межах праекту “БудзьмаТУТ”. Атрыманыя ўзнагароды сталі шыкоўным падарункам для стваральнікаў і аматараў фільма на яго першую гадавіну. Шыкоўным, але не адзіным.
Сёння – да года з дня выхаду – кампанія “Будзьма!” выкладае для вольнага спампоўвання шалёную версію песні з мультфільма, што была знойдзеная ў архівах і ніколі не гучала дагэтуль. Святочны mp3-рарытэт дазволіць адказаць на вострыя пытанні пра тое, хто зачытвае хіп-хоп больш жвава, хітмэйкер Вольскі ці рэпер Вінсэнт, і дазволіць даведацца, як гучыць прыпеў у выкананні Ганны Казловай. А для ўсіх, хто жадае перакрычаць суседскі шансон, – спецыяльная караоке-версія народнага хіта.
Разам з гэтым кампанія выкладае і маляванку для самых маленькіх беларусаў, створаную рэжысёрам стужкі Юліяй Рудзіцкай з адаптаванымі для дзетак вершамі ад Лявона Вольскага. На старонках маляванкі вы знойдзеце ўжо знаёмых герояў анімацыі, кожнаму з якіх цяпер воляй алоўка можна даць новае жыццё і адценне.
Спампаваць і раздрукаваць маляванку
Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» спрыяе пазітыўным пераменам у беларускім грамадстве, адной з якіх з’яўляецца пераадоленне яго раз’яднанасці праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Паводле меркавання сацыёлагаў, Беларусь – краіна «малых, замкнёных сацыяльных груп». Адным са стэрэатыпаў грамадскай свядомасці, які замінае кансалідацыі, з’яўляецца меркаванне пра нібыта ўласцівую беларусам “памяркоўнасць”, што ўспрымаецца як пасіўнасць, адсутнасць актыўнай грамадскай пазіцыі, а таксама меркаванне пра тое, што ў беларусаў гісторыя пачынаецца толькі з 1917 года.
Менавіта дзеля пераадолення гэтых стэрэатыпаў і быў створаны анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі!». Пачынаючы з 28 траўня 2011 фільм сабраў больш за 1 млн праглядаў на розных відэахостынгах. Калі ўлічваць тое, што карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі каля пяці мільёнаў чалавек, атрымліваецца, што ролік прагледзела прыкладна пятая частка беларусаў.
Узнагароды Кіеўскага фестывалю – не першыя ў скарбонцы творчага калектыву. За год “жыцця” мультфільм зрабіўся сапраўднай візітоўкай Беларусі ў свеце. Анімацыя была ўзнагароджаная на фестывалях One Short Film Fest, AD.NAK!, “Белы Квадрат” і Uzupis International Film Festival, дэманстравалася на міжнародных фестывалях анімацыі KROK, Varna, Balkanima і ANIMEST.
Але і гэта яшчэ не ўсё! Ужо летам распачынаюцца ратацыі мультфільма на тэлеканале Eurochannel, які вяшчае на тэрыторыі Лацінскай Амерыкі, ЗША, Канады, Францыі, Партугаліі Афрыкі і Карэі. “Будзьма беларусамі!” стане часткаю пятага штогадовага Тура кароткіх фільмаў (2012 Short Film Tour), першы эфір адбудзецца 12 ліпеня. Тур кароткіх фільмаў – цэнтральная падзея тэлеканала, якая збірае кароткаметражныя фільмы кантынента, каб прадэманстраваць адзінства еўрапейскай прасторы.
Грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” шчыра дзякуе парталу TUT.BY за супрацу над праектам БудзьмаТУТ, у межах якога адбылася прэзентацыя анімацыі, творчаму калектыву і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі і не заміналі ў працэсе яго стварэння!