Рэалізуй свой культурніцкі праект разам з “Будзьма беларусамі!”

Грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае конкурс праектных ідэй, накіраваных на развіццё культурнага жыцця ў Беларусі.

“Будзьма беларусамі!” запрашае да ўдзелу ў конкурсе тых, каму неабыякавае паляпшэнне культурніцкай прасторы свайго горада/рэгіёна.

Калі ў Вас ёсць ідэя, якая:

спрыяе развіццю культуры (тут і далей слова “культура” разумеецца ў шырокім сэнсе);

– ахоплівае шырокае кола людзей;

– спрыяе ўзнікненню іншых творчых ідэй;

– натхняе іншых на актыўнасць у сферы культуры;

– дапамагае з’яўленню новых партнёрстваў у сферы культуры і ў сумежных сферах — бізнесе, адукацыі, турызме, ахове навакольнага асяроддзя, мясцовым і рэгіянальным развіцці;

– павялічвае цікаўнасць грамадзян да культуры;

– робіць рэгіянальную культуру больш разнастайнай,

дасылайце прэзентацыю свайго праекта, а таксама інфармацыю пра ініцыятара на скрыню: razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс праектаў”.

У прэзентацыі павінны быць:

– імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

– назва і сутнасць ідэі (праект, стратэгія развіцця і г.д.);

– мэта і мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);

– чаму ідэя ўнікальная і (ці) актуальная;

– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Хто можа ўдзельнічаць: фізічныя асобы, грамадскія ініцыятывы (калектывы), любыя непалітычныя арганізацыі з рэгіёнаў і Мінска.

Усе прапановы будуць разгледжаныя экспертнай камісіяй.

Кампанія “Будзьма беларусамі!падтрымае адабраныя ідэі, а менавіта :

– дасць магчымасць прасоўваць ідэі на сваім інтэрнэт-партале www.budzma.org;

– паспрыяе асвятленню ў іншых сродках масавай інфармацыі;

– прадставіць выбітныя ідэі на “Кірмашы праектаў” з удзелам іншых дзеячаў культуры ў адпаведным рэгіёне дзеля пашырэння кола аднадумцаў;

– дапаможа прыцягнуць фінансавых партнёраў для рэалізацыі праекта.

Што важна: сябры камісіі будуць ацэньваць якасць праекта, яго культурную і грамадскую значнасць, адпаведнасць мэтавай аўдыторыі.

Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў любы час у перыяд з 01.06.2013 г. па 31.05.2014 г.

Прыём ідэяў да: 15 мая 2013 г.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 31 мая на сайце budzma.org

 

 

Ніна Шыдлоўская: Шаноўныя сябры! Трошкі тлумачэнняў:

На конкурс не прымаюцца выключна відовішчныя, забаўляльныя праекты. Сама назва “Конкурс ідэяў” кажа пра тое, што прыярытэт – цікавым рашэнням, якія дапамогуць культурніцкаму жыццю ў розных, вялікіх і маленькіх, “кропках” Беларусі стаць яшчэ больш культурніцкім. Эфект ад іх рэалізацыі – для як мага шырэйшага кола людзей, праблематыка – грамадска-культурная.

Асабліва чакаем на праекты, у ходзе падрыхтоўкі і рэалізацыі якіх будзе відавочнае пашырэнне камунікацыі розных “групаў” – ад ініцыятараў да дзяржаўных установаў (тое, што публіцы на выніку можа ўжо і не быць заўважна, але неабходна і важна для самой падрыхтоўкі). Бо менавіта людзі, іх патэнцыял і разуменне важнасці сваёй працы вызначае якасць культуры, якую мы маем і можам мець.

Усім поспехаў! І разам – мы зробім культурніцкае жыццё цікавей!