Квяткоўскі, Рыжкоў і Анка Ўпала праганялі зіму гумарам

Літаратурна-гумарыстычная вечарына, прысвечаная надыходу вясны, ладзілася ў менскай кавярні “Валерыя” 23 сакавіка. Арганізатарамі праекту выступілі грамадская кампанія “Будзьма” і творчая суполка “Спайка Шва”.

У багемнай вечарыне ўзялі ўдзел пісьменнікі: Севярын Квяткоўскі, аўтар кнігі “Фрашкі да пляшкі”, паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў, і паэтка і празаік Анка Ўпала. Вядоўцам імпрэзы выступіў Павал Касцюкевіч – літаратар, журналіст і перакладчык.

Павал Касцюкевіч, Менск — Тэль-Авіў

Вечарына праходзіла ў вольным фармаце. Вершы і мініятуры  пра тапаграфічны крэтынізм, блогераў, цырульнікаў з агарагарадком, курэй-раб і новыя фрашкі ад Севярына Квяткоўскага ўдосталь павесялілі ўсіх удзельнікаў  імпрэзы.

Севярын Квяткоўскі, Менск

Віталь Рыжкоў чытаў іранічныя вершы, адзін з хітоў — пра сустрэчу з ласём. А таксама пераклады.

Віталь Рыжкоў, Магілёў — Менск

Анка Ўпала дэманстравала абсурдысцкія мініятуры а ля тэлерэпартаж для абласнога TV. А таксама свой бяззменны хіт “Жэншчына з вядром на галаве”.

Анка Ўпала, Магілёў

Арганізатары плануюць, што падобная імпрэза стане не апошняй. Павал Касцюкевіч:

— Сёння ў нас была так званая “проба пера”. Думаю, яна была ўдалай. Мы збіраемся працягваць гэтакія вечарыны. Хочацца, каб гэта сталася традыцыяй. Хочацца прыцягнуцца да людзей і быць прасцей. Але, безумоўна, усё залежыць не толькі ад нас.

Адна з заляў “Валерыі” сабрала людзей больш, чым можа змясціць — каля чатырох дзесяткаў.

Фотаздымкі аўтаркі і aliaksei’я