Кацярына Сцяпанава, студэнтка 1-га курса ЕГУ, перамагла ў конкурсе ЭСЭ на тэму “Што для мяне ёсць Беларусь”.
З 25 лістапада па 25 снежня на сайце Moladz.org у межах кампаніі “Будзьма” быў праведзены конкурс ЭСЭ на тэму “Што для мяне ёсць Беларусь”.
За гэты час каманда інтэрнэт-парталу атрымала вельмі шмат лістоў ад моладзі з іх уяўленнем ды ўласным бачаннем краіны і яе будучыні. Некалькі дзесяткаў хлапцоў і дзяўчат разважалі наконт жыцця ў Беларусі, казалі, за што яны любяць сваю краіну, чаму ганарацца Беларуссю.
Кампетэнтнае журы з журналістаў Moladz.org з вялікай адказнасцю абірала пераможцу. Ім стала Кацярына Сцяпанава, студэнтка 1-га курсу Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту.
У якасці падарунку, Кацярына атрымала кнігу Васіля Быкава, торбу і еўрапейскую картку, якая дае магчымасць карыстацца зніжкамі ў краінах Еўропы.
Развагі пра тое, за што трэба любіць Радзіму
А вы ведаеце, як пахне Беларусь? Не, я кажу не пра пах чабору і купальскага вогнішча, не пра пах хвойнага лесу і свежаспечанага хлеба, не пра шыпшыну і кветкі з Багдановічавага “Вянка”. Гэта занадта проста для таго, каб апісаць паветра, якім напоўнена мая краіна. Мая Беларусь пахне таннай гарэлкай і цвіллю ў непрапаленай печы, цыгарэтамі “Пушча” і каўбасой, скрадзенай з мясцовага мясакамбіната. Беларусь пахне сапраўдным жыццём.
А вы ведаеце, як выглядае Беларусь? Не, я кажу не пра кляновы лісток на мапе і бландзінку ў нацыянальным уборы, не пра люстраныя азёры і ўсмешлівыя твары з кірпатымі насамі, не пра карціны Язэпа Драздовіча і вянок з канюшыны. Ніводзін з гэтых вобразаў не зможа адлюстраваць рэаліі жыцця ў маёй краіне. Мая Беларусь выглядае, як старая інтэлігентка ў дыямэнтах на тэатральнай прэм’еры, як мурзатае шчаслівае вясковае дзяўчо, як салдат, які тайна адпраўляе смс дадому. Налюбавацца на яе не магу!
А вы ведаеце, як гучыць Беларусь? Не, я кажу не пра спевы салаўя і “Жалейку” Купалы, не пра народныя песні і звон ручаёў, не пра сакатанне конікаў у начным полі і Ірыну Дарафееву. Усе гэта занадта ціха для таго, каб мая краіна прыслухалася. Мая Беларусь гучыць размовай пра заробкі і брыдкімі анекдотамі, пустымі абяцаннямі на Кастрычніцкай плошчы і галасамі тэлевядучых нацыянальнага тэлебачання, яна гучыць сіпатым голасам і бязграматнай трасянкай. Слухаў бы ды слухаў…
А вы ведаеце смак Беларусі? Не, я кажу не пра спелыя ажыны і бабуліны дранікі, не пра самагонку і самы танны кефір, не пра квас і святочную куццю. Гэта нішто ў параўнанні з маёй краінай. Мая Беларусь мае смак пірагоў з капустай, якія маці гатуе для Паўла Севярынца, папяровай каўбасы ды бульбы, скрадзенай з калгаснага поля. Каму смачна, каму — не вельмі, але ямо.
А вы ведаеце, па чым плача Беларусь? Не, я кажу не пра Хатынь і дэмаграфічныя праблемы, не пра кожнага чацвёртага і забытых Богам дзяцей, не пра чарнобыльскі жах і не пра Курапаты. Мая Беларусь плача па смерці Быкава і па тых, хто не бачыць праўды, па горкіх працэнтах на выбарах і перапісаных падручніках гісторыі, па паламаных лёсах і па тых, хто марыць з’ехаць назаўсёды. Можа, гэта з-за слёз у нашай сінявокай такі пагляд?
А вы ведаеце моц Беларусі? Не, я кажу не пра казачных волатаў і асілкаў, не пра бойкі хлопцаў на вясковых завулках і не пра п’янкі там жа, не пра тысячы міліцыянтаў на вуліцах і не пра тое, як адзін з іх ударыў жонку Завадскага. Гэта ўсе прайграе маёй краіне. Мая Беларусь моцная жанчынамі, якія адны выхоўваюць дзяцей, і песняй “Магутны Божа”, людзьмі, якія выжываюць без заробкаў, і тымі, хто спадзяецца на лепшае, хлапцамі, што едуць рабіць у Маскву, і сапраўднымі патрыётамі.
А вы ведаеце, што такое Беларусь? Беларусь ваша, яго, яе, мая, наша. Гэта краіна, дзе, закусваючы папяровай каўбасой, усё роўна згадваюць народныя песні і казкі пра асілкаў. У нашай Беларусі, напоўненай пахам таннай гарэлкі, памятаюць тую гісторыю, што засталася на старонках спісаных падручнікаў, якія ўжо нікога нічому не навучаць.У маёй Беларусі пераключаюць канал з песняй Дарафеевай на навіны дзеля таго, каб даведацца, ці не здарылася чаго ў Маскве, дзе працуе сын. У нашай Беларусі жывуць самыя прыгожыя жанчыны і самыя дужыя мужчыны. Усё так, як казаў Караткевіч. У нашай Беларусі жывём мы.
Сцяпанава Кацярына, студэнтка першага курса ЕГУ.