
13 жніўня 2010 у межах агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбылося адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага мастака Алеся Квяткоўскага «Намаляванае слова» ў Чэрвенскім раённым краязнаўчым музеі. Працы мастака, прадстаўленыя ў экспазіцыі — а іх 28, — напісаныя па матывах твораў беларускіх паэтаў, і ў першую чаргу Анатоля Сыса.

Падчас мерапрыемства ў гонар адкрыцця выставы з вітальным словам перад жыхарамі Чэрвеня (а на імпрэзу сабраліся працаўнікі музея, раённай бібліятэкі, актывісты краязнаўчага клуба «Бонда», бібліятэчнага гуртка, прыйшоў старшыня раённага савета дэпутатаў) выступіў аўтар прац, які расказаў пра асноўную ідэю цыклу прац.

Затым старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч расказаў пра непарыўную сувязь гістарычна-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый з сучасным беларускім мастацтвам і ўручыў музею падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» і Таварыства аховы помнікаў. А скончылася мерапрыемства канцэртам Вікторыі Іллінскай, якая выканала песні на словы Анатоля Сыса, Віктара Шніпа, Славаміра Адамовіча і Ніла Гілевіча.
