Гэтым разам на занятках было больш за 80 чалавек.
18 сакавіка ладзіліся чарговыя заняткі курсаў беларускай мовы “Мова ці кава”. Гэтым разам тэма занятку была “Свет вачыма беларуса”. Ішло актыўнае абмеркаванне (часам нават з тэатральным абыграваннем) менталітэту далёкіх і блізкіх суседзяў беларусаў, а таксама саміх сябе.
– Адбыўся чацверты занятак “Мова ці кава”. Хочацца падзяліцца радасцю: нас ізноў паболела! Прыйшло болей за 80 чалавек, панавала цудоўная і вельмі творчая атмасфера. Асабліва ўдзельнікам спадабалася заданне на ўтварэнне беларускіх назваў маладых істотаў (важаня, трусяня, нават сланяня), – падзялілася вядучая імпрэзы, філолаг Алеся Літвіноўская.
Другім вядучым быў музыка Андрусь Такінданг.
У “граматычнай” рубрыцы паразмаўлялі пра адрозненне ў родзе ў беларускай і расейскай мовах.
Заняткі скончыліся сумесным з музыкам Андрусем Такіндангам выкананнем песні “Гражына” яго гурта “Рэха”.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”