6 красавіка ў актавай зале Ліцэя лёгкай прамысловасці №2 прайшла творчая сустрэча з літаратаркай Валярынай Куставай. Імпрэза адбылася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!». На сустрэчы прысутнічала блізу 120 чалавек, навучэнцаў першага і другога курсаў ліцэя, а таксама настаўнікі і бібліятэкары ўстановы. Як ні дзіўна, але да гэтага ніводзін з прысутных не чуў пра кампанію “Будзьма беларусамі!” і не меў сустрэчы з беларускімі паэтамі. Таму для прысутных юнакоў і дзяўчат гэта было своеасаблівым першым спатканнем з сучаснай беларускай літаратурай.
Сваімі ўражаннямі з нагоды выступу падзялілася Валярына: “Мне было вельмі прыемна выступаць ў ліцэі, мяне гасцінна сустрэлі там, настаўнікі падрыхтавалі відэапрэзентацыю па маёй творчасці, якая ішла цягам усёй нашай сустрэчы, імпрэза доўжылася больш за паўтары гадзіны, мы мусілі скончыць раней, але пытанні ад слухачоў усё не спыняліся…”
За самыя нечаканыя пытанні хлопцы і дзяўчаты атрымалі торбачкі, паштоўкі і налепкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Асаблівай папулярнасцю карысталася торбачка “Францыск Скарына – канкрэтны мажор”. Пытанні былі вельмі розныя і часам даволі нечаканыя: пыталіся як пра палітычныя прыхільнасці аўтаркі, так і пра яе густы на хлопцаў, погляды на будучую сям’ю, шмат пытанняў датычыла беларускай культуры: літаратуры, музыкі, мастацтва.
А настаўнікі прасілі расказаць пра падарожжы па свеце і цікавіліся, ці не збіраецца аўтарка з’ехаць з Беларусі назаўжды. “Чамусьці многія апошнім часам пра гэта пытаюцца, – кажа Кустава, – але не, як спяваецца ва ўсім вядомай песні, пакуль што… я буду жыць тут. Так, я часам з’язджаю. Але заўжды вяртаюся. Таму скарыстоўвайце шанец, прыходзьце на выступы, каб пачуць неэміграваных беларускіх аўтараў…”