Песні філаматаў у Музеі гісторыі Мінска

Сярод шматлікіх культурных акцый, зладжаных у розных кутках Мінска на Дзень горада 10 верасня 2011 года, адбыўся і чарговы канцэрт у межах праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!”.

У паэтычным дворыку Музея гісторыі Мінска на Рэвалюцыйнай, 10 (былая Койданаўская) прагучалі студэнцкія песні ХІХ стагоддзя на словы сяброў таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Адынца. Дарэчы, месца правядзення канцэрту-лекцыі было абранае невыпадкова. Па Койданаўскай у розныя часы, напэўна, прабягаў вучань Мінскай мужчынскай гімназіі (яе будынак і цяпер стаіць на плошчы Свабоды) Тамаш Зан, шпацыраваў камандзіраваны з Вільні Ян Чачот, заняты вывучэннем радзівілаўскага архіва, праходзіў, кіруючыся да стрыечнага брата Эдварда, знакаміты мінскі мастак Валенцій Ваньковіч — сябар многіх філаматаў, які пакінуў іх жывапісныя і графічныя партрэты (на імпрэзе яны дэманстраваліся на вялікім экране).

Рамантычны дух ХІХ стагоддзя пастараліся перадаць у музыцы і словах сучасныя спадкаемцы філамацкай справы — Аляксей Жбанаў, Сяргей Долгушаў і Зміцер Занеўскі. Музычны кіраўнік праекту Алена Прохарава частавала гледачоў смачным малаком (дзякуй гармалзаводу №2!), якое лічылася ў філамацкай суполцы сімвалам чысціні і замяняла моцныя напоі. Наведнікі вечарыны з ахвотай падпявалі па адмысловых спеўніках, падрыхтаваных МГА “Гісторыка”. Імпрэзай у дворыку музея распачаўся новы сезон выступаў з “Песнямі філаматаў” у Мінску і іншых гарадах Беларусі.