Полацк патрабуе культурніцкіх імпрэзаў!

Генадзь Бураўкін і Міхась Скобла правялі дзве паэтычныя сустрэчы ў Полацку (Віцебская вобласць) 24 верасня.

Першая сустрэча ладзілася ў актавай залі Полацкага дзяржаўнага універсітэта перад першакурснікамі гістарычна-філалагічных факультэтаў і доўжылася на працягу 1,5 гадзіны. У залі прысутнічала каля 150 чалавек. Спадар Генадзь адзначыў, што для яго было вельмі дзіўна, што студэнты не задалі ніводнага пытання, хаця ўважліва слухалі і хораша рэагавалі. Падарунак ад “Будзьма беларусамі!” Міхась Скобла ўручыў настаўніку, які “адважыўся” запытаць выступоўцаў. Пытанне гучала менавіта так: Вашае стаўленне да беларускага тэлебачання? На што паэт Генадзь Бураўкін адпарыраваў: “Сённяшняе БТ – не беларускае, не інтэлектуальнае і не прафесійнае”.

У той жа дзень беларускіх творцаў прымаў полацкі Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў. На сустрэчу прыйшло каля сотні чалавек, у асноўным гэта былі сябры ТБМ. Сустрэча доўжылася каля 3-х гадзін, публіка зусім не хацела адпускаць творчы тандэм. Пытанні ліліся ракою, былі жвавыя гутаркі і нават выступы ад самой публікі. У канцы самыя актыўныя атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама менавіта патрабавалі наступнай сустрэчы з выступоўцамі.

Паэтычныя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”