У культурнай сталіцы краінаў СНД і Беларусі, горадзе Магілёве, прайшло чарговае ток-шоу, ініцыяванае грамадскай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Гэтым разам гарачая дыскусія завязалася вакол назваў гарадскіх архітэктурных аб’ектаў. Тэма сустрэчы: “Магілеўская тапаніміка: павольны прагрэс у межах закону?”
Слова бралі спікеры Ігар Пушкін (магілёўскі гісторык, дацэнт, выкладчык, сябра тапанімічнай камісіі пры Магілеўскім гарвыканкаме), Вольга Чарняўская (старэйшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея), Леанід Сугака (выкладчык кафедры гісторыі і культуры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта).
— Вядома, што гарадскія назвы — гэта культурная візітка горада. Тэма культурнага жыцця Магілёва выклікае вялікую зацікаўленасць у грамадстве, прапановы аб перайменаванні вуліц, артыкулы аб недарэчных назвах з’яўляюцца ў гарадскіх газетах увесь час, аднак адразу знаходзяць сабе праціўнікаў, — пачаў сустрэчу вядучы, гісторык Алесь Агееў.
Адныя лічаць, што Магілёў — тапанімічнае балота, іншыя ў любой змене бачаць рэвалюцыйнае жаданне ўсё памяняць. Мэтай пятнічнай сустрэчы ў Магілёве стала абмеркаванне стану сучаснай тапанімікі. Эксперты разам з зацікаўленымі жыхарамі горада вызначаліся, як тапаніміка ўздзейнічае на культурнае жыцце горада: ад турыстычнай прыватнасці і побытавай зручнасці для жыхароў да іх самаідэнтыфікацыі.
— Мне б хацелася, каб працэс перайменавання ішоў крыху хутчэй, бо калі я праводжу экскурсіі, звычайна пачынаю з таго, што выбачаюся за назвы магілёўскіх вуліц — Пралетарская, Савецкая… — зазначыла Вольга Чарняўская.
Тым часам з залы прагучала рэпліка, што за апошнія гады працэнт беларускіх назваў у Магілёве пабольшаў: з’яўляюцца новыя вуліцы, названыя ў гонар мясцовых пісьменнікаў.
— Мы знаходзім кампрамісы, прыходзім да кансенсусаў, прымаем добрыя рашэнні. Большасць пагаджаецца з вяртаннем гістарычных назваў ў цэнтр. Трэба, каб прадстаўнікі камісіі па тапаніміцы запрашаліся ў гарвыканкам. Трэба не баяцца запрашаць і прадстаўнікоў грамадскасці, і нашу камісію, бо такія рашэнні вымагаюць аргументаў, — зазначыў Ігар Пушкін.
“Ці трэба называць вуліцы імёнамі? Ці варта рабіць з горада “могілкі”? Ці трэба вяртаць першасныя назвы і да якога менавіта перыяду звяртацца?” — задаўся пытаннямі Леанід Сугака. Да таго ж у Магілёве ёсць адразу некалькі аб’ектаў, названых у імя пэўнай гістарычнай асобы. Напрыклад, ёсць Пушкінскі праспект і вуліца Пушкіна, а Леніну прысвяцілі бульвар, плошчу і бібліятэку, хаця той ніколі не быў у Магілёве.
— Гістарычная частка горада павінна мець гістарычныя назвы. Што тычыцца вуліц, якія будаваліся ў савецкі час, то меркаванні могуць разыходзіцца, але можна зразумець іх называнне імёнамі савецкіх дзеячаў. Раёны, пабудаваныя цяпер, могуць мець сучасныя назвы, — расклаў усё па паліцах прысутны на сустрэчы студэнт.
Сярод іншых прапановаў, агучаных падчас ток-шоў, — матэрыялізаваць легенды ў межах кампаніі “Магілёў — культурная сталіца СНД” ці, наадварот, не прымаць паспешных рашэнняў у пытанні перайменавання, ствараць новыя помнікі ці прадубляваць шыльды вуліц іх гістарычнымі назвамі…
— Мы паслухалі адзін аднаго. Застаецца спадзявацца, што гэта не канец абмеркавання, што пазіцыі нашы сталі больш зразумелымі, што нашымі агульнымі намаганнямі горад атрымаецца прадставіць у найлепшым тапанімічным выглядзе! — падвёў вынік ток-шоу вядучы.
Наступная кропка рэгіянальнай актыўнасці “Будзьма беларусамі!” — “Кірмаш праектаў” у Гомелі, які адбудзецца 4 красавіка.
Аліна Таранік
Фота: Аляксандр Ждановіч