Прэс-канферэнцыя з нагоды міжнароднага фэсту Be Free адбылася

Прэс-канферэнцыя з нагоды правядзення 22–23 жніўня ў Чарнігаве (Украіна) міжнароднага фэсту Be Free адбылася ў фальварку “Добрыя мысьлі” 13 жніўня.

На канферэнцыі прысутнічалі як арганізатары, так і прадстаўнікі гуртоў, якія возмуць удзел ў фэсце Be Free.

З арганізатараў былі прадстаўнікі “Еўрарадыё для Беларусі” Марыя Садоўская і Слава Корань, прадстаўніца кампаніі “Будзьма беларусамі!” Таццяна Печанко, а таксама вядомы прадусар Віталь Супрановіч. З будучых выступоўцаў фэсту прысутнічала Вольга Самусік (гурт Tarpach), а таксама музыкі з гуртоў Imprudence, Partyzone, Re1ikt.

Марыя Садоўская прадставіла ўдзельнікаў, а таксама апавяла пра агульнаарганізацыйныя моманты фэсту. Таццяна Печанко грунтоўна прадставіла новы спосаб трапіць на фэст бясплатна – толькі з дапамогай віктарыны ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

На канферэнцыі прысутнічала каля 20 журналістаў. Асноўныя пытанні былі звязаныя з арганізацыйнымі справамі: пра візы, як даехаць, кошты.

На думку Таццяны Печанко, адно з самых цікавых пытанняў было наступнае: “А ці не плануеце фэст Be Free рабіць на Беларусі?”

Кожны з арганізатараў выказаў свае меркаванні наконт гэтага, асноўная ідэя якіх была ў тым, што ідэя правядзення фестывалю, канечне, файная, але арганізацыйна гэта зрабіць прасцей менавіта ва Украіне. Па-першае, музыкам прасцей дабірацца без візы, па-другое, (на думку Віталя Супрановіча), “ёсць упэўненасць у адказах мясцовых уладаў Украіны на дазвол правядзення фестывалю. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі “чорныя спісы музыкаў” два гады як адмянілі, мясцовыя ўлады Беларусі могуць за тыдзень адмовіць у правядзенні фестывалю “па тэхнічных прычынах”, што на Украіне малаверагодна”.

Арганізатары падлічваюць, што кожны дзень фестывалю будзе збіраць каля 5–10 тысячаў людзей. Для нераскручанага фэсту гэта якасны паказнік.

Але як сказаў прадстаўнік гурта Imprudence, “мне як музыку хочацца, каб людзей было як мага болей. Бо гэтага хоча кожны музыка”.

Канферэнцыя адбывалася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: