Прэзентацыя новага рамана Віктара Марціновіча “Сфагнум”, арганізаваная кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, сабрала такую колькасць людзей, якіх, на думку пісьменніка, магло б з лішкам хапіць для накладу яшчэ адной папяровай кніжкі. Імпрэза пачалася з разборак пацаноў — Хамяка, Серага і Шульгі — у выкананні акцёраў Алесі Сівохінай і Алеся Мойскага, а скончылася дыскусіяй аб місіі сучаснай беларускай крытыкі і моўным расколе беларускага грамадства.
“Сфагнум” — гэта суцэльны эксперымент. І не толькі ў плане стылю, мастацкай падачы (крытык Андрэй Расінскі назаве жанр рамана трансміфічным рэалізмам, і пра гэта — пазней), але і ў плане прэзентацыі. Кніга выйшла адначасова не толькі на дзвюх мовах, але і на дзвюх платформах: па-руску, на мове арыгіналу, у выглядзе электроннага рэлізу на інтэрнэт-мультылэйбле “Пяршак”, і папяровым выданнем у перакладзе на беларускую ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
“Аўтары заўсёды трохі баяцца, што электронная версія кнігі будзе перашкаджаць продажам, — расказаў рэдактар мультыбрэнду “Пяршак” пісьменнік Антон Кашлікаў. — Мы абверглі гэтае сцверджанне: у выпадку са “Сфагнумам” электронная кніга дапамагае прадаваць папяровую”.
Згодна з дадзенымі “Белкнігі”, “Сфагнум” зрабіўся лідарам продажу сярод усіх беларускамоўных кніг у траўні. Яшчэ да свайго афіцыйнага рэлізу твор трапіў у лонг-ліст расійскай прэміі “Нацыянальны бестселер”. На сайце “Першаку” на сённяшні дзень — каля 2000 спампоўванняў. А падчас прэзентацыі ў інстытуце Гётэ усім ахвочым “Сфагнума” не хапіла: некаторыя набывалі адразу па некалькі асобнікаў.
“За 20 гадоў незалежнасці Беларусі ў нашай літаратуры нарэшце з’явіўся стыль, які можна прад’явіць свету”, — лічыць культуролаг Андрэй Расінскі. Жанр рамана Расінскі вызначае як трансміфічны рэалізм.
“Я не буду казаць пра неверагодную кінематаграфічнасць гэтага твору, які так і просіцца на экран, — расказаў крытык. — Я не буду казаць пра гангстарскія прыгоды, якія нагадваюць Гая Рычы і Квенціна Таранціна. Не буду казаць і пра трагікамічныя моманты, якія вельмі добра стасуюцца з грузінскім кінематографам і Эмірам Кустурыцай. Я нават не скажу, што прыгоды персанажаў “Сфагнума” нагадваюць няздзейсненыя праекты Андрэя Кудзіненкі і Артура Клінава.
Я хачу сказаць, што сёння мы з’яўляемся сведкамі з’яўлення новага жанру. Каланіяльная спадчына і масавыя забабоны ў расколатым грамадстве патрабуюць адмысловай эстэтыкі. У Лацінскай Амерыцы такая эстэтыка ёсць — гэта магічны рэалізм. І элементы гэтага магічнага рэалізму прысутнічаюць у папярэдніх творах Марціновіча — у “Параноі” і “Сцюдзёным выраі”. Але ў выпадку са “Сфагнумам” я б назваў гэты кірунак трансмагічным альбо трансміфічным рэалізмам. Калі ў Лацінскай Амерыцы буйства прыроды, то ў Беларусі — балоты і сфагнум. Лацінаамерыканцы — экспрэсіўныя, беларусы — інтраверты, у нас кожны сядзіць у хаце сам-насам са сваімі забабонамі.
Першыя крокі трансмагічнага рэалізму ў беларускай літаратуры рабіліся і раней. Гэта і рамантызм Яна Баршчэўскага, і сімвалізм Янкі Купалы, і імпрэсія Змітрака Бядулі, і стогны душы Максіма Гарэцкага, і мантажныя прыёмы Алеся Адамовіча ў “Карніках”. І нават Васіль Быкаў — калі ўзяць яго “Сотнікава” і злучыць з “Пахаджанамі”.
І вось цяпер — “Сфагнум” Марціновіча.
Пераклад раману на беларускую мову рабіў пісьменнік Віталь Рыжкоў. “Мая мэта палягала ў тым, каб ніхто не даведаўся, што Віктар Марціновіч напісаў раман не па-беларуску, — расказвае Віталь пра сваю працу. — Што тычыцца абсцэннай лексікі, то яна засталася, але літаральна па ватэрлініі.Частку мацюкоў давялося прыбраць — такім было патрабаванне выдаўца”.
Віктар Марціновіч: “Не лайце беларускае”
Пасля другой чыткі рамана акцёрамі да мікрафона падышоў Віктар Марціновіч. Дакладней, не зусім ён. Аўтар “занырнуў” у ролю пацана, амаль такога ж, як Хамяк ці Серы — героі “Сфагнума”, — і пачаў раздаваць падзякі (“пацаны просили передать”) усім, хто спрычыніўся да кнігі: Саюзу беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net, “Будзьме”, “маме, которой тут нет, папе, который тут есть”, “деревне Барбарово в Глусском районе, где я часто играл на гитаре, целовал девчонок, и все было так классно”. Потым мікрафон “перайшоў” да Віцька з Аўтаза, які звярнуўся да прысутных з сур’ёзнай прамовай.
“Тое, што цяпер адбываецца на гэтай прэзентацыі — сапраўдны цуд. Я бачу колькасць людзей, якой дастаткова для накладу адной папяровай кніжкі. Ведаючы, што мяне пачуюць, хацеў бы заклікаць вас, сябры, забыцца пра падзелы на рускамоўных і беларускамоўных, на “чаргінцоўцаў” і “пятроўцаў”. У нас ёсць чытач, якога мы ўжо дэ-факта страцілі. Чытач, які можа чытаць беларускую прозу гэтак жа, як сёння ён чытае рускую. Нашым пісьменнікам не стае ўвагі, медыйнай прысутнасці. Чытайце беларускае! Купіце кіндл, запампуйце туды беларускую прозу. Калі не ведаеце, што пампаваць, звярніцеся да мяне на Facebook — я дашлю спіс. Гэта будзе проза, ад якой сарве дах: Антон Кашлікаў, Андрэй Федарэнка, Уладзімір Някляеў, які напісаў файны раман. Там будзе Уладзіслаў Ахроменка са сваёй “Тэорыяй змовы”.
“Крытык павінен тлумачыць чытачу, куды глядзець”
“Кожны раз, калі вы лаеце беларускую прозу, вы вымушаеце беларускага чытача звяртацца да расійскамоўнай літаратуры. Калі нехта, на вашую думку, напісаў дрэнны раман, проста не пішыце пра яго. Я напісаў дрэнны раман? Не звяртайце на мяне ўвагі! Не марнуйце сваіх ментальных намаганняў, каб падскочыць розумам і абліць мяне брудам — гэта будзе выглядаць смешна. Перад сучаснай крытыкай стаяць задачы, якія калісьці ў сваіх крытычных нататках вырашаў Багдановіч. Трэба растлумачыць людзям, у якім напрамку глядзець”.
“Серыяльнасць забівае літаратуру”
“Мне прапаноўвалі перапрацаваць “Сфагнум” для серыяла. Не буду называць прозвішча рэжысёра (прапанова паступала з Расіі), але ідэя мне не спадабалася. Серыяльнасць можа забіць любы мастацкі твор. Атрымаецца папса — якія-небудзь “Мянты-6” ці “Вуліца разбітых ліхтароў”.
І працягу ў “Сфагнума” не будзе. Ну, хіба што мяне возьмуць ў закладнікі чачэнскія тэрарысты, нанятыя расейскімі выдаўцамі, і прымусяць гэта зрабіць. “Сфагнум” — цалкам скончанае мастацкае выказванне”.
“Я не ўпэўнены, што напішу яшчэ нешта вялікае па-беларуску”
“Выбар мовы рамана не абумоўлены нейкай эстэтычнай моўнай перавагай. Проста калі я пачынаў пісаць, я не разумеў, як гэты твор можа загучаць па-беларуску. Вось як пацаноў прымусіць гаварыць на мове? Але калі ўбачыў пераклад Віталя Рыжкова, зразумеў, што гэта вырашальная задача. Наогул, я стараюся развіваць дзве мовы. У чэрвені выходзіць часопіс “Макулатура” Сяргея Календы, у якім будзе мой беларускамоўны аповед. Але я не ўпэўнены, што напішу яшчэ нешта вялікае па-беларуску. Калі пісаў “Сцюдзёны вырай”, думаў, што памру: я тады з цяжкасцю размаўляў на мове. Цяпер ужо прасцей. Так, пэўная перспектыва ёсць. Галоўнае — сюжэтная іскра, якая можа быць рэалізаваная па-беларуску.
Дарэчы, нядаўна атрымаў ліст ад чытачкі рускамоўнай версіі. Яна сказала, што наўмысна не будзе чытаць “Сфагнум” па-беларуску — каб не чуць, як гэтыя вырадкі паганяць беларускую мову”.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева