Працягваюцца сустрэчы чытачоў з аўтарам дзіцячай кніжкі “Яська і конік ягоны Грыўка” Юрыем Усціновічам. Чарговае мерапрыемства адбылося 14 траўня ў Наваполацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальнай культуры. Прэзентацыя праходзіла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы МГА “Гісторыка”.
Акрамя аўтара і музыкі, Ігара Расолькі, гэтым разам на прэзентацыю завітаў і полацкі мастак Іван Іваноў, які аздобіў дзіцячую кніжачку Юрыя Усціновіча арыгінальнымі і цікавымі малюнкамі. Гаворка, зайшла пра тое, што калі мы хочам, каб беларуская культура рабілася каштоўнасцю для беларусаў, дык варта найперш звярнуцца да самых маленькіх жыхароў нашай краіны. Аўтар і мастак расказалі пра кніжку, адказалі на пытанні, а Ігар Расолька віртуозна выканаў старажытныя мелодыі са слыннага зборніка музычных твораў “Полацкі сшытак”.
Адметнасцю прэзентацыі ў Наваполацку сталася тое, што зайшла размова пра падрыхтоўку да выхаду з друку новай дзіцячай кніжкі Юрыя Усціновіча. Наведнікі імпрэзы маглі нават патрымаць у руках і пагартаць сігнальны варыянт гэтай новай кніжкі. Пры канцы прэзентацыі яе наведнікі атрымалі памятныя падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”.
Тэгі: Наваполацк