“Радзіме, высокім парыванням продкаў, вольнаму духу зямлі прысвячаю”

iak_2

Такімі словамі адкрываецца трылогія “Пакутны век” пісьменніка, грамадскага дзеяча Васіля Якавенкі, якую ён прэзентаваў у мінскім Палацы мастацтваў 11 снежня.

Паводле словаў аўтара, трылогія “вынашаная і выпакутаваная ўсім жыццём”, зрэшты, не толькі яго асабістым. “Героі твора – прыхільнікі беларускай ідэі, яны стаяць перад выбарам: страціць па “ўласнай ахвоце” свае этнічныя карані і растварыцца ў свеце шырокім альбо жыць жыццём народа і нацыі, дбаючы пра росквіт апошняй”.

iak_3

Твор выклікаў жывую дыскусію, у спрэчках, апроч вядомых літаратуразнаўцаў Аляксея Рагулі, Анатоля Вераб’я і Міхася Кенькі, выступілі паэт і музыказнаўца Вітаўт Мартыненка, празаікі Эрнэст Ялугін, Кастусь Травень, Валер Санько і многія іншыя. Падчас імпрэзы з песнямі выступаў кампазітар, кіраўнік гурта P.L.A.N. Андрэй Плясанаў. Сярод прысутных на прэзентацыі – амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, дыпламаты Украіны, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў, паэт Славамір Адамовіч, перакладчык і выдавец Зміцер Колас, мастакі Міхась Карпук, Алесь Цыркуноў, святар Аляксандр Ледаховіч і інш.

Па словах Уладзіміра Дамашэвіча, рэдактара апошняга выдання, аўтар трылогіі “Пакутны век” узняўся на такую вышыню прафесійнага майстэрства, што яго ўжо і перахваліць няможна.
Вытрымкі з прамоваў падчас літаратурнай імпрэзы:

iak_1

Трылогія Васіля Якавенкі гожа легла ў рэчышча нацыянальнай сэнсатворчасці. У канцэптах “пакутны век”, “кабала”, “накаты”, “нячывелле”, “гульня на згубу” скандэнсаваны вялікі вопыт мастацкага даследавання гістарычнага быцця – праблема прызначэння і сэнсу беларускай гісторыі з часоў агульнаеўрапейскага Адраджэння да пачатку ХХІ стагоддзя. Нагадаем, што Кузьма Чорны ставіў перад сабой задачу раскрыцця сэнсу беларускай гісторыі з часоў паншчыны “да нашых дзён”.

“Пакутны век” стаў этапным творам у развіцці сучаснага беларускага рамана – арыгінальнай, па-філасофску насычанай мадыфікацыі еўрапейскага “новага рамана”. На фоне плыняў прозы, вызваленай ад сюжэтнай дынамікі, этычна-эстэтычных крытэрыяў і тыпажу трылогія В. Якавенкі вылучаецца не адсутнасцю “ўсяго”, а наяўнасцю ў ёй духоўнай рэальнасці – гегелеўскага Абсалютнага духу, купалаўскага Духу непрыгоннага. Аляксей Рагуля

“Маштабная кніга “Пакутны век” (каля тысячы старонак) стала для мяне найбольшым літаратурным адкрыццём апошняга часу, хоць ужо маю ў сваёй бібліятэцы унікальныя кнігі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Кастуся Акулы, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, цудоўныя беларускія пераклады Платона, Марка Аўрэлія, Уітмэна, Лангфэла, Джойса, Оруэла, Гашака, Сянкевіча, Дастаеўскага…
Адметнасць моманту яшчэ ў тым, што чытаў я “Пакутны век” акурат у найбольш поўным трэцім выданні, калі прэзідэнт краіны гучна заявіў: “На скаргі пісьменнікаў хачу запытаць: а дзе вашы эпапеі, накшталт

“Вайны і міра” Талстога, “Ціхага Дону” Шолахава?” Дык у “Пакутным веку” я акурат і ўбачыў і маштабнасць Талстога, і эмацыйнае багацце Шолахава. Aле… Насамперш хочацца адштурхнуцца ад свайго, у дадзеным выпадку тэматычна больш роднаснага, больш блізкага, адэкватнага – ад рамана “Змагарныя дарогі” канадскага беларускага пісьменніка Кастуся Акулы”. Вітаўт Мартыненка

“Пакутны век” мала разглядаць у кантэксце беларускай літаратуры (гл. творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Віктара Вальтара, Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка і інш.); ён варты свайго разгляду ў кантэксце сусветнай класікі. Па праблематыцы этнічнага існавання і выжывання твор В. Якавенкі зойме годнае месца сярод твораў такіх пісьменнікаў як “Апошнія лісты Якопа Ортыса” італьянца Уга Фоскала (1778 – 1827), дзе намаляваная трагедыя італьянца-патрыёта ў гады, што папярэднічаюць карбанарызму, матывы пратэсту і скрухі, выклік прыгнятальнікам, запавет нашчадкам непакорлівасці і прагі помсты; “Апошні з магікан” амерыканца Джэймса Фенімора Купера (1789 – 1851), дзе паказаны трагічны лёс індзейскага народа, што вынішчаецца буржуазнай цывілізацыяй; “Востраў Сахалін” рускага Антона Паўлавіча Чэхава (1860 – 1904), дзе падаюцца сцэны рабаўніцтва і гвалтоўнай смяротнай расправы з мясцовымі жыхарамі расійскіх авантурыстаў і латруг; “Дух пушчы” амерыканца Джэка Лондана (1876 – 1916), дзе малююцца карціны вынішчэння аўтахтонаў – карэнных жыхароў Аляскі – індзейцаў-алеутаў расійскімі “першапрахадзімцамі” і каланістамі; паэтычны зборнік “На перакрыжаванні часоў” ірландца, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Уільяма Батлера Ейтса (1865 – 1939), дзе ў кожным радку паэта пульсуе палымяная кроў патрыёта і нянавісць да ворагаў яго Радзімы; патрыятычная паэма “Баск” баска Н. дэ Армаэчэа (1888 – ?), дзе з гневам апавядаецца аб захадах іспанскага фашызму па перашкодах развіццю баскскай літаратуры. На лініі пералічаных твораў В. Якавенка ў “Пакутным веку” конгеніяльна малюе сітуацыі, калі бязлітасна узурпуецца, марнуецца, пляжыцца светлы бок беларускага “жывога жыцця”. Яўген Гучок

“Я ўважліва сачу за расійскай літаратурай. Мы ведаем, што расійская літаратура магутная. Але ж на сённяшні дзень, калі яна пачала пераймаць павевы заходняму постмадэрнізму, там мала чаго цікавага. І адзін раман Васіля Якавенкі “Пакутны век” у беларускай літаратуры мае большую вартасць, чым усе кнігі расійскіх аўтараў, якія ў апошнія гады атрымалі літаратурныя ці дзяржаўныя прэміі.

У нашым атамізаваным грамадстве людзі робяцца адно аднаму чужымі. І дзяржава чужая. І гэта ёсць у творы Якавенкі, дзе паказана, як грамадства раскалолася.

Пісьменнік – чалавек, які ўмее злавіць агульнае, што хвалюе нацыю, і праз мастацкія вобразы і характары ставіць пытанні. Нацыя – гэта тое, што аб’ядноўвае і ўмацоўвае народ, што дае магчымасць развіцця. Гэта ўсяляк раскрываецца аўтарам і ненавязліва даводзіцца ўдумліваму чытачу. Касмапаліты лічаць, што можна жыць без нацыі, і жывуць там, дзе выгадна. Толькі гэта канчаецца трагедыяй, калі перад грамадствам паўстаюць выпрабаванні, вайна ці іншыя катаклізмы, у гэтым пераконвае з тэкст Якавенкі.

Аўтар яскрава сказаў пра падзяленне ў адной дзяржаве. Калі ў вялікім народзе жыве яшчэ і малы народ і ён па ўласнай ініцыятыве ці стане душы адасобліваецца ад вялікага ды яшчэ спрабуе дратаваць ягоную культуру, як у нашым выпадку – выступаць супраць беларускасці, то ў крызіснай гістарычнай сітуацыі яго пазіцыі робяцца вельмі слабымі.

А што думаецца, калі чытаеш пра немца – генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ? Сам па сабе няхай ён і добры чалавек, паважліва ставіцца да тутэйшых. Але калі такі чалавек становіцца часткай заганнай ці наогул злачыннай сістэмы, ён уваходзіць у гісторыю як адмоўны персанаж. Эпапея “Пакутны век” прымушае да роздуму, яна выклікае ў чытача багата неспакойных пачуццяў і думак”. Эрнэст Ялугін

На прэзентацыі быў паказаны відэаролік з выступленнем Барыса Уладзіміравіча Кіта, слыннага беларуса, якому ў пачатку красавіка 2010 году споўніцца 100 гадоў. Аўтар трылогіі Васіль Якавенка прадставіў яго як бацьку беларускай нацыі – так яно выглядае на сённяшні дзень.

Барыс Кіт выклаў сваё рэзюмэ, дастасаванае да літаратурнай імпрэзы:

“Кнігай, якая прэзентуецца, Васіль Цімафеевіч Якавенка дасягнуў вяршынь літаратурнай вартасці. Я лічу, што гэты твор можна прыраўнаць да гэтакіх вядомых у свеце твораў, як славутая трылогія Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”, “Патоп”, “Пан Валадыёўскі”, а таксама Льва Талстога “Вайна і мір”, якія добра адлюстроўваюць гістарычныя эпохі сваіх народаў. Таксама і “Пакутны век” па-мастацку адлюстроўвае гісторыю беларускага народа пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя, асабліва сапраўдныя падзеі, якія адбываліся на Беларусі падчас нямецкай акупацыі ў 1939 – 1944 гадах. Вельмі важна, што ў сваіх творах наш пісьменнік – адзін з першых, што падае сапраўдныя факты, не змененыя ніякай палітыкай, факты, якія сапраўды здзейсніліся. І вось за ўсё гэта мы павінныя быць вельмі ўдзячнымі Васілю Цімафеевічу і пажадаць яму далейшых поспехаў у ягонай каштоўнай літаратурнай дзейнасці”. Барыс Кіт
Франкфурт-на-Майне
10.12.2009 г.

Тэгі: