У межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» унікальнае Шоу Беларушчыны прайшло ў сярэдняй школе № 136 г.Мінска, дзе 25 красавіка ў ім маглі ўзяць удзел вучні адзінаццатых класаў.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства навучэнцы зацікавіліся плакатамі і падарункамі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», пыталіся, што будзе адбывацца на ўроку і вельмі чакалі званку, каб пачалася праграма. Шчырая зацікаўленасць удзельнікаў не магла не крануць вядоўцу, і ўсё далейшае мерапрыемства прайшло ва ўтульнай, сяброўскай атмасферы.
Вучні былі вельмі актыўнымі і не толькі адказвалі на пытанні, а яшчэ і задавалі свае, каб болей даведацца пра тую ці іншую падзею. Найлепшым доказам ведання гісторыі і гонару за сваю спадчыну сталі адвольныя выказванні вучняў пры канцы шоу. Так, напрыклад, вучань Кастусь сказаў: «Мне вельмі падабаецца маё імя, бо яно такое ж, як у Кастуся Каліноўскага». Другі вучань расказаў, што яго ўлюблёны пісьменнік – Васіль Быкаў і ён цяпер якраз перачытвае «Сотнікава». Школьнікам вельмі спадабаліся праграма і падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», а настаўніца папрасіла правесці праграму і для іншых класаў, што і чакаецца найбліжэйшым часам.