Свята ў гонар Анатоля Сыса

26 кастрычніка вёска Гарошкаў стала месцам сустрэчы пісьменнікаў, бардаў, паэтаў, мастакоў, якія з’ехаліся з усёй Беларусі, каб адсвяткаваць Дзень нараджэння свайго славутага земляка, паэта Анатоля Сыса. Свята адбылося ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма,” дзякуючы сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці Эдуарду Акуліну, а таксама каардынатару кампаніі “Будзьма” Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Кветкі на магіле паэта

Усе жадаючыя ўшанаваць памяць Анатоля Сыса сабраліся на Гарошкаўскіх могілках, дзе тры гады таму, у траўні 2005 года, ён быў пахаваны. Шматлікія дзеячы культурнай прасторы Беларусі выступілі з прамовай у гонар Анатоля Сыса, падкрэсліваючы ягоную адоранасць, таленавітасць  ды ўплыў творчасці паэта на свой уласны светапогляд і на лёс беларускай паэзіі. Сярод іх былі зямляк Анатоля Сыса беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменнік Алесь Наварыч, мастак Алесь Пушкін.

Ля помніка А. Сысу.

Падчас сустрэчы адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Анатолю Сысу, вырабленага з чорнага граніту скульптарам Генікам Лойкам, вядомым сваімі помнікамі Міхасю Стральцову і Міхалу Дубянецкаму. Помнік Анатолю Сысу мае форму крыжа з барэльефам паэта ў цэнтры, а ўверсе справа яго аздабляе птушка ў цярновым гняздзе, сымбаль “салаўінага сэрца” Беларусі, як часта называюць Анатоля яго сябры. Да вырабу помніку далучыліся не толькі паэты – сябры пісьменніка, але і такія паважаныя асобы як пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, ахвяраваўшы значныя сродкі на яго ўсталяванне.

Эдуард Акулін з сынам А. Сыса

Выступае Леанід Дранько-Майсюк

Свята працягвалася на падворку роднай хаты Анатоля. Свае вершы чыталі маладыя паэткі Валерыя Кустава і Аксана Данільчык, паэт з Вілейкі Аляксей Чубат, прамаўляў пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк. Андрэй Хадановіч, сучасны літаратуразнаўца, перакладчык і паэт, праспяваў перакладзеную ім песню “Алілуя” аўтарства Леанарда Коэна. Музычную частку канцэрта складалі таксама песні ў выкананні айчынных бардаўскіх спевакоў: Кастуся Герашчанкі, Андрэя Мельнікава і Вальжыны Цярэшчанка.
Кранальнасці святу надала вячэра, згатаваная сваякамі Анатоля. Цеплыню і ўтульнасць атмасферы адзначылі ўсе, хто ў той дзень быў у Гарошкаве.

Прамаўляе Андрэй Хадановіч

Так пракаментаваў свята Андрэй Хадановіч: “Сёння мне не хочацца думаць, мне хочацца радавацца. Вельмі добрым, кранальным атрымалася адкрыццё помніку. Мы вельмі часта грашым у сваім жыцці залішнім пафасам. Вось я здалёк гляджу на помнік Сыса, на ягоную выяву, і на штосці зверху, што мне нагадвае цярновы вянок, і думаю, не маглі, на жаль, устрымацца ад лабавога пафасу. Набліжаюся – і бачу, што ў гэтым вянку – гняздзечка для птушачкі, а ў ім і сама птушачка, і ўвесь пафас кудысці знікае, усё набывае нармальнае чалавечае вымярэнне. Вось гэта – нармальнае чалавечае свята, без казёншчыны, без пафасу, без начальства, з людзямі, якім усё гэта проста неабходна.”

Тэгі: ,