Таццяніна зорка. Канцэрты Матафонавай у Ашмянах і Астраўцы

Калі песня ідзе ад душы, астудзіць яе шчырасць не ў стане і студзень. У гэтым упэўніліся ўсе, хто ў мінулую суботу прыйшоў у Ашмянскі краязнаўчы музэй, а ў нядзелю ў Астравецкую раённую бібліятэку на творчую сустрэчу з салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Дзве цудоўныя імпрэзы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

У музычным сэнсе сустрэчы былі мнагапланавымі: гучалі рамансы (большасць з іх – добра вядомыя, рускія, але ў перакладзе на беларускую мову Сяржука Сокалава-Воюша), калядкі, патрыятычныя песні, школьныя, а таксама дзіцячыя “лічылкі” і інш. Усё – на беларускай мове.

Спявачка пазнаёміла прысутных – і ў гэтым ёй дапамог сын Адась– з трыма новымі альбомамі, апошні з якіх выйшаў у свет напярэдадні Новага года і быў прысвечаны дзіцячай песні “пад елачку”. Большасць гэтых песень Таццяна знайшла і апрацавала сама, некаторыя – сама напісала. Пад яе музычны акампанемент Адась выканаў некалькі кампазіцый , прычым зрабіў гэта весела і заліхвацка.

І ўсё ж найбольш узрушылі слухачоў Таццяніны фірменныя “Зорка Венера”, “Мой родны кут”, “О Беларусь, мая шыпшына”…


Ганна Чакур