29 сакавіка ў дзіцячым садочку № 398 г. Мінска адбылося Шоў беларушчыны для самых маленькіх.
Упершыню шоў-праграма праводзілася у дзіцячым садочку сярод дзяцей, якім усяго 5-6 гадоў. Спецыяльна для гэтай узроставай катэгорыі быў зменены фармат шоў, аднак канцэпцыя засталася ранейшай. Падчас праграмы дзецям у гульнёвай форме паведамляліся цікавыя факты з гісторыі нашай краіны, спяваліся папулярныя беларускія песні пад гітару, праводзілася беларускамоўная дыскатэка.
Дзеткі вельмі ўпадабалі праграму і без тлумачэння дапамаглі вядоўцу спяваць прыпевы амаль усіх песняў (асабліва папулярнымі сталі “Тры чарапахі” і “Простыя словы”).
Пры канцы Шоў беларушчыны дзеці расказалі ўсе факты з гісторыі і новыя беларускія словы, якія яны запомнілі з гэтага мерапрыемства. Галоўным хітом беларускасці ў гэты дзень стала слова “так”, адразу і з захапленнем прынятае дзеткамі да ўжывання. Шоў беларушчыны пакінула найлепшыя ўражанні ў дзяцей і іх выхавальніка, і на развітанне ўсе прысутныя атрымалі ў падарунак паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.