30 красавіка ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбудзецца прэзентацыя гістарычнай кнігі для дзяцей “Яська і конік ягоны Грыўка”. Цікавая і добра напісаная, кніга-казка прысвечаная лёсавызначальнай гістарычнай падзеі ў нашай краіне – Грунвальдскай бітве. Несумнеўна, дзеткам будзе цікава даведацца пра прыгоды маленькага Яські з Полацка і вернага каня яго Грыўкі, а таксама пазнаёміцца са славутымі ваярамі ды гістарычнымі асобамі.
Удзел у прэзентацыі возьме яе аўтар Юрась Усціновіч, гісторык, ветэран руху гістарычнай рэканструкцыі, былы кіраўнік Народнага тэатра гістарычнага строю “Полацкі звяз”, аўтар сцэнароў многіх замалёвак з “Падарожжаў Дылетанта” (таго самага Юрыя Жыгамонта), а таксама рэжысёр-пастаноўшчык трукаў і шэрагу пластычных гістарычных спектакляў! Прэзентацыя пройдзе ў фармаце сярэднявечнага тэатру ў суправаджэнні старадаўняй дуды.
Пасля прэзентацыі можна будзе набыць кніжку з аўтографам аўтара. Імпрэза пройдзе ў памяшканні ваенна-гістарычнага клуба “Гарадзенскі Двузуб”, што месціцца у Палацы творчасці дзяцей і моладзі (былы Палац піянераў).
Адрас: Каложскі парк, 1, пачатак а 15-й.