This movie requires Flash Player 9
08.11.2012 | У краіне

Андрэй Скідан: “У Статуце ВКЛ быў артыкул аб абароне цмокаў!”

Калі кампанія “Будзьма беларусамі!” пачынала шукаць айчынных цмокаў, знаўцы падказвалі, што галоўны эксперт па іх жыве ў Гомелі. Сапраўды, калі гутарыш з Андрэем Скіданам, няма сумневу, што з цмокамі ён у някепскіх стасунках. У будзённым жыцці спадар Андрэй — навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава. А ў вольны час…

“Мы знайшлі на могілках у адной вёсцы руднічны молат, перабіты цмокам…”

Пачынаючы з 1992 года ў Гомелі пры чынным удзеле Андрэя Скідана выходзіла самвыдатаўская газета “Аксамітны жах”, вакол якой сфармавалася Беліцкае кола даследчыкаў цмокаў. У кожным нумары газеты абавязкова было некалькі матэрыялаў пра цмокаў. Аднадумцы меркавалі, што цмок мусіць стаць брэндам Гомельшчыны — і актыўна развівалі гэтую ідэю.

— Нашае захапленне цмокамі прыйшло з літаратуры, фальклору, з мастацкай культуры, — кажа Андрэй Скідан. — Сёння мы нават не сумняемся, што Гомельшчына (і ўвогуле Беларусь) — край цмокаў! Пачыналі мы з таго, што проста даследавалі культуру Пасожжа. Але калі пачалі трапляцца выявы і згадкі пра цмокаў, вырашылі вылучыць гэтую галіну асобна…

Спадар Андрэй прыводзіць шматлікія прыклады з вуснай народнай творчасці — балады пра Юр’я і Ягор’я, якія даводзілася запісваць ад старых людзей. Матэрыяльныя сведчанні — гэта драўляная архітэктурная разьба. На вялікі жаль, усё гэта нішчыцца са страшэннай хуткасцю…

— Яшчэ нядаўна я бачыў у Гомелі цмачыную “карону” над акном хаты, — сумна апавядае спадар Скідан. — Днямі праходжу міма: хату абнаўлялі, рамантавалі — здзерлі, выкінулі… Ліштвы на вокнах з выявамі цмока… Усё гэта знікае — і застаецца толькі на нашых архіўных фота…

Археалагічныя выявы, кажа спадар Андрэй, рэдкія, але яны ёсць — хоць больш іх знойдзена на суседняй Чарнігаўшчыне. А летам Андрэй Скідан з калегамі быў у экспедыцыі ў Чачэрскім раёне — і цяпер упэўнена сцвярджае, што цмокі ў гэтым краі пільнуюць крыніцаў!

— Культ камянёў і культ крыніцаў у гэтым краі звязаны з цмокамі, — гаворыць спадар Скідан. — Мы бачылі некалькі камянёў, перапілаваных (фактычна недапілаваных) цмокамі. Бо ў цмокаў, вы ж ведаеце, на хвасце такі грабеньчык — ім ён гэтыя камяні і пілаваў! Мы знайшлі на могілках у адной вёсцы (не буду казаць, дзе) руднічны молат (якім у руднях выкоўвалі жалеза), перапілаваны цмокам! Сфатаграфавалі яго, зафіксавалі… Гавораць, што цмокі хапалі гэтыя молаты — і кідалі на галовы людзям у тых вёсках, дзе іх, цмокаў, не шанавалі альбо шкоду ім чынілі. Усе гэтыя звесткі адносяцца да позняга Сярэднявечча — канца XVIII стагоддзя.

Паводле даследаванняў Андрэя Скідана, цмокі вельмі часта атаясамляюцца з дабраходжымі людзьмі — “невідзімымі людзьмі”, як пра іх кажуць. Яны жывуць, перамяшчаюцца ў віхурах паветра, у смерчах… З гэтым усім звязваюцца і цмокі! То бок гэта такі антрапаморфны, “ачалавечаны” вобраз цмока.

“І як у каровы атрымліваецца з травы малако, так у цмока атрымліваецца агнамяная сумесь…”

Спадар Андрэй лёгка пагаджаецца апісаць беларускага цмока.

— Калі казаць пра памер, то гэта прыкладна як “каня адзін на аднаго паставіць” — я сустракаў такое апісанне. Ён мае крылы, канечне ж. І доўгія патлы ў яго — нашмат большыя, чым у каня грыва.

Маёй заўвазе, што не такі цмок, аказваецца, і вялікі, спадар Андрэй шчыра здзіўляецца.

— А чаго яму быць вялікім у Беларусі? Гэта калі надзяляць цмока як міфічную істоту цыклапічнымі рысамі… Цмок, вядома, большы за чалавека, але не такі ўжо агромністы.

Цікаўлюся, у якіх адносінах цмокі жылі з людзьмі: ці людзі іх любілі, ці паважалі, ці баяліся?

— Па-рознаму… — задумваецца спадар Андрэй. — На гэты конт ёсць філасофскае меркаванне аднаго з апалагетаў цмоказнаўства Беліцкага кола даследчыкаў Якава Пятровіча Стывенсана. Ён казаў, што цмок — гэта люстра, праява ўсіх адмоўных якасцяў чалавека. Усё кепскае, што чалавек хоча зрабіць з наваколлем, вяртаецца да яго ў асобе цмока. А добрыя людзі проста не бачаць цмока. Я не хачу сказаць, што я ў добрых стасунках з цмокам, але калі я праехаў па Чачэршчыне, то ўбачыў, што гэта край таямніцаў, край прыгажосці. Хоць і знявечаны Чарнобылем… Дарэчы, у Чачэрску ёсць круглая царква (а раней там былі тры круглыя царквы і адзін касцёл) — яе збудавалі, каб адпужваць цмока (бо няма вуглоў). Рускія масоны змагаліся з цмокамі, выветрывалі памяць пра іх! Нават выдралі са Статута ВКЛ некалькі аркушаў, дзе вялося пра цмока. А там быў артыкул аб абароне цмокаў! Пра пушчы і бабровыя гоні засталося, а пра цмока выдралі. Не хачу цяпер выдаваць усе крыніцы, з якіх мне гэта вядома, але там пісалася: “А цмокаў ніхто не мае права біці альбо шкоды ім чыніці…” Казалася, што з цмокам трэба “да ладу жыць”. І гравюра, дарэчы, з выявай цмока была… І чачэрскі Чарнышоў, і наш гомельскі Мікалай Пятровіч Румянцаў хутчэй за ўсё змагаліся з цмокамі, бо былі сябрамі масонскіх ложаў, як усе інтэлігенты таго часу.

На пытанне, ці елі беларускія цмокі людзей, у Андрэя Скідана адказ адназначны.

— Не! Наш цмок увогуле не крыважэрны! Яму не трэба есці людзей, ён траваедны. Ён проста спаліць можа альбо забіць хвастом — хвост у цмока даволі моцны, гнуткі такі, і з такой вялікай бамбешкай на канцы… У нас у “Аксамітным жаху” быў матэрыял “У небе над Чарацянкай”. Там цмок атакаваў самалёт сельскай авіяцыі і праводзіў паветраны бой. Так што цмок страляе агнём! А ўсё таму, што ён есць пэўны збор траваў. І як у каровы атрымліваецца з іх малако — так у цмока атрымліваецца агнамяная сумесь. І калі ён яе выплёўвае, то шчоўкае крамянымі зубамі — і выбівае іскру, ад чаго сумесь запальваецца. І чалавек можа проста згарэць у галузу!

“Калі вы думаеце, што недзе там стаіць пастамент цмоку, то памыляецеся…”

Паступова пераходзім да маршруту беларускіх цмокаў. Спадар Андрэй кажа, што за ўсю Беларусь казаць не будзе, а засяродзіцца на роднай Гомельшчыне.

— З Гомеля кіруемся ў Добруш. У нас некалі быў нават матэрыял пра добрушскія ліштвы, дзе сустракаецца вялікая колькасць цмачынай і вужынай сімволікі. На жаль, гэта ўсё нішчыцца, застаецца ўсё меней. Ясна, што ўсё не на пустым месцы — бо ў іншых мясцінах столькі няма! Там і цяпер багата вужоў — яны поўзаюць на Узвіжанне і вясной, проста на дарозе можна пабачыць… Пад Добрушам ёсць Змееў курган — гэта таксама ад таго, што шмат вужоў (а значыць, і цмокаў) у наваколлі…

З Добруша кіруемся ў Ветку. Хоць я і супрацоўнік Веткаўскага музея і як бы карыстаюся службовым становішчам, запрашаючы вас туды, але раю зазірнуць, каб адчуць вось гэтую цмачыную прысутнасць… У драўлянай архітэктуры Веткі таксама былі некалі ліштвы з цмокамі, і не проста так… Пад Веткай ёсць мясціна Хальч. Не хачу анансаваць прысутнасць там цмокаў (хоць гэта і відавочна). Проста зазірніце, як будзеце мець час.

З Хальча выпраўляемся ў сяло Свяцілавічы на рацэ Бесядзь. Чарнобыльская катастрофа звяла амаль усе вёскі на Бесядзі… А назва Свяцілавічы — бо побач ёсць Свяцілішча (якое яшчэ завуць Чортава гара)… Нехта мяне спытае, чаго я звязваю тое Свяцілішча з цмокамі. Запярэчу: а ці ёсць падставы не звязваць? Сённяшнім хрысціянам, можа, і складана верыць ва ўсё гэта. Але нашыя продкі былі паганцамі — і цмок бараніў іх!

Адтуль можна, перакрочыўшы мяжу і нічога не парушаючы, зазірнуць ужо ў Расію, дзе ажно да Бранска вы пачуеце беларускую мову. Там ёсць мясціна Сіні Калодзеж — хоць ніякага калодзежа там няма! Затое шмат валуноў, якім і цяпер пакланяюцца людзі, вераць у іх моц. Яшчэ там вялікая колькасць гаючых крыніц. Не думаю, што столькі крыніц і камянёў магло сабрацца ў адным месцы без удзелу цмока, бо дакладна вядома, што цмок шпурляў камяні ў злых людзей, якія хацелі нашкодзіць крыніцам…

Адтуль кіруемся на Чачэршчыну, дзе багата загадкавых камянёў, якія сведчаць пра цмачыную прысутнасць. Але калі вы думаеце, што недзе там стаіць пастамент цмоку, то памыляецеся… У вёсцы Будзішча ёсць перапілаваны камень, а таксама дзікая крыніца — вельмі маляўнічая, цяжка да яе дабрацца! Гэтую крыніцу таксама звязваюць з цмокам.

У Нясімкавічах цмачыны камень на могілках, непадалёк недапілаваны руднічны молат ляжыць… Усіх козыраў адкрываць не буду, каб няшчырыя людзі не нашкодзілі, але раю зазірнуць таксама ў вёскі Рудня Нясімкавіцкая, Рудня Барталамееўская, Воласавічы

У самім Чачэрску апроч круглай царквы трэба паглядзець ратушу. Яна з такой драўлянай вежай, падобнай да галавы цмока. Але гэтая вежа якраз выкарыстоўвалася як каланча — каб назіраць, дзе цмок учыніў пажар. У Чачэрску жыў той самы змагар з цмокамі граф Чарнышоў…

Вяртаемся ў Гомель, дзе таксама ёсць цмачыныя месцы… Тут быў сакрэтны стратэгічны аб’ект — развадны мост праз Сож. Яго ўжо перарабілі на новы — і цяпер ён не разводзіцца. А раней разводзіўся, бо думалі, што цмок не здольны пералятаць, дык каб ад яго засцерагчыся. Але гэтае месца варта паглядзець, бо яно звязанае з цмокамі. Мост вядзе ў Беліцу — адзіны гарадскі раён у Беларусі, які меў уласны герб! У Гомелі ёсць прысутнасць цмокаў і ў драўлянай, і ў мураванай архітэктуры, у іх арнаментыцы… Але пра гомельскіх цмокаў я магу расказваць доўга, таму запрашаю ўсіх прыязджаць да нас на цмачыную экскурсію!

Прапануем вашай увазе відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў ад Андрэя Скідана

Глеб Лабадзенка, для www.budzma.org
Фота, відэа Ларысы Шчыраковай


Інфармацыйныя партнёры:


3 Каментаў у “Андрэй Скідан: “У Статуце ВКЛ быў артыкул аб абароне цмокаў!””

  1. Antos says:

    дакладную спасылку на статут, міфатворцы

  2. Nika says:

    Мусіць, гэта нейкая зусім малавядомая рэдакцыя Статута )))

  3. Не, друзья-комментаторы, вам прям и не угодишь! Вокруг смутной козявки из ЛОХ-несса возвели мировой туристический бизнес, а тутака пісьмовыя сведкі, дакумэнты!
    Что? Турбизнес на легендах никому не нужен? :)

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика