У кнігарні логвінаЎ адбылася прэзентацыя маляванкі, зробленай паводле мультфільма «Будзьма беларусамі». Не баючыся кранаць забранзавелыя вобразы, дзеці рашуча расфарбавалі Францыска Скарыну, Янку Купалу, Максіма Багдановіча ды іншых персанажаў нашай гісторыі.
Маленькіх беларусаў, якія прыйшлі памаляваць у дзіцячай кампаніі, сабралася вельмі шмат, былі сярод іх і немаўляты, і школьнікі, але маляванак і алоўкаў хапіла ўсім. Спачатку дзецям паказалі сам мульцік, а пасля мастачка Соня Садоўская распавяла, як спалучаць колеры і смела ўплятаць у звыклы нябесны блакіт шэрыя, сінія і фіялетавыя адценні.
Цікава, што адказваючы на пытанні, дашкаляты часам выяўлялі вельмі нечаканую, кранальную і непасрэдную дзіцячую самасвядомасць і разуменне гісторыі. «Каго вы бачылі ў мульціку?», – пыталася мастачка. «Мне здаецца, я пабачыла там беларускі народ», – разгублена адказала дзяўчынка гадоў шасці. «А вы ведаеце, што такое арнамент?» – зноў звярталася Соня да дзяцей. «Гэта тое, што на краі беларускага сцяга», – дэманстраваў абазнанасць хлопчык з уважлівымі вачыма.
Вядома ж, дзеці і саміцікавіліся ўсім, што было ім незразумела. «А што такое «будзьма»?» – прыставаў з пытаннямі да мастачкі прыгожы цікаўны хлопчык. «О, Цётка, я пра яе якраз дамашку пісала», – гартаючы размалёўку, сказала даволі дарослая дзяўчынка з тоўстай касой. «Хто такая «цёшка»?» – пацікавіўся маленькі хлопчык. «Не «цёшка», а Цётка!» – адказала дзяўчынка, так нічога яму не патлумачыўшы.
Хоць і не ўсе дзеткібылі з беларускамоўных сямей, здаецца, тлумачэнні мастачкі па-беларуску разумелі амаль заўсёды. Адна дзяўчынка ўвесь час сумна разводзіла рукамі і паўтарала: «Мама, я ничего не понимаю»,тады мама спяшалася на дапамогу. Бацькі абмяркоўвалі асаблівасці беларускага выхавання: «Мой толькі са мной размаўляе па-беларуску, а са староннімі людзьмі не хоча», – шэптам скардзіўся чыйсьці тата.
Тым часам дзеці раззнаёміліся. Прыслухоўваючыся да дзеі, якая адбывалася ў іх коле, можна было чуць і спрэчкі, і кпіны, і нават жорсткі дзіцячы фальклор. Анёлападобная дзяўчынка, старанна заштрыхоўваючы штосьці ў размалёўцы, загадвала сяброўцы загадку: «Вось уяві: чыгунка ідзе па коле, а ўсярэдзіне стаяць хлопчык і дзяўчынка, дзяўчынцы трэба да мамы ў шпіталь, хлопчыку трэба да таты ў міліцыю, як ім туды трапіць?». Сяброўка не ведала, тады дзяўчынка пераможна тлумачыла: «Хлопчык кідае дзяўчынку пад цягнік, яго забіраюць у міліцыю да таты, а дзяўчынку ўвозяць у шпіталь!»
Але да дзяцей зноў звярталіся дарослыя, і трэба было задаволіць іх адказамі на важныя пытанні. «Што вы бачыце на карцінках у маляванцы?» – пыталася карэспандэнтка.
«Тут лётае бусел і, напэўна, толькі што скончылася вайна», – сказала дзяўчынка з бантам, разглядаючы свой малюнак.«На маім малюнку крыж Еўфрасінні Полацкай, які скралі, у ім кроплі крыві Ісуса Хрыста», – нечакана паведаміў нейкі хлопчык. А дарослая дзяўчынка, якой ужо задавалі Цётку, старанна крэслячы чырвоным фламастарам, з гонарам сказала: «А на маім малюнку «Пагоня», наш старажытны герб», – чым не пакінула нікомусумневаў, што прысутныя дзеткі яшчэ як здольныя расквеціць гісторыю.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Ждановіч