«Рысталішча»
Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага — слаўны горад Навагрудак — прымаў у выходныя гасцей і ўдзельнікаў V фестывалю сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак-2010», прысвечанага 600-гадоваму юбілею эпахальнай перамогі польска-літоўскага войска над крыжакамі пад Грунвальдам.
Па словах аднаго з арганізатараў фестывалю Ігара Міхно, у гэтым годзе ў Навагрудак прыехалі прадстаўнікі 41 клуба з 11 гарадоў Беларусі, а таксама Літвы, Польшчы, Чэхіі і найлепшыя байцы з Расіі і Украіны. Традыцыйна фестываль праводзіцца адзін раз на два гады. «Калі мерапрыемствы праводзяцца нячаста, людзі паспяваюць засумаваць па падобных відовішчах», — растлумачыў ён.
Гурт «Ірдарад» (Гродна)
Адкрыццё фестывалю адбылося на галоўнай плошчы гораду, дзе выступілі афіцыйныя асобы, з вітальнымі словамі звярнуліся прадстаўнікі краін-удзельніц, прайшло тэатралізаванае шэсце (князь Вітаўт і кароль Ягайла на конях і са світай), прадстаўленне рыцарскіх клубаў, а таксама вялікая канцэртная праграма беларускіх эстрадных артыстаў і Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Але самае цікавае адбывалася на тэрыторыі замка. Рыцары з клуба «Сярэднявечныя вандроўцы» (рыцарскае брацтва Тракайскага замка з Літвы) задумалі тэатралізаваныя паядынкі за сэрца прыгожых дам, абраных з кола глядачак. «Дама сэрца» пераможцы была абвешчаная Каралевай турніру. У часы Сярэднявечча наведванне знатнымі дамамі турніраў было абавязковым, а стаць «дамай сэрца» ўважалася за вялікі гонар. Яшчэ «Вандроўцы» паказалі танцы ХІІІ–ХV стагоддзяў. У бальную праграму ўвайшлі танцы вяльможаў і знатных асобаў — элегантная павана, бесклапотны пці-р’ян, пяшчотны Amoroso, чароўны «Зорка Панны Марыі».
«Сярэднявечныя вандроўцы» (Літва)
Працягнулася прадстаўленне гішпанскімі і італьянскімі сярэднявечнымі танцамі ў выкананні мінчукоў з «Глорыі» пад акампанемент ансамбля Drolls, чые музыка і песні («Я сціплай дзяўчынай была…», «Аб Бахусе») перанеслі гледачоў у корчмы сярэднявечнай Еўропы.
З тэхнікай фехтавання і дуэляў пазнаёміла прысутных група гістарычнага фехтавання і баявых сцэн «Бяроўнскія мяшчане» (Чэхія). Асабліва ўразіла іхная «Жарсць» у пастаноўцы Міхаэлы Чорнай (танцоркі балета Чэшскага нацыянальнага тэатра). Некаторыя мамкі нават паспрабавалі звесці сваіх дзяцей з прадстаўлення, настолькі натуральна і гарманічна гралі акторы: бой — дык бой, каханне — дык каханне. «Мы імкнемся рабіць нумары відовішчнымі. Справа ў тым, што пастановачны бой і рэальны — цалкам розныя рэчы. Для мяне галоўнае — узаемадзеянне з партнёрам, я павінен бачыць, што ён гатовы да майго ўдару », — апавёў Станда Дупач, адзін з заснавальнікаў «Мяшчан».
«Бяроўнскія мяшчане» (Чэхія)
А ў гэты час на «Рысталішчы», што размясцілася ля рова пад Замкавай гарой, рыцары высвятлялі адносіны. Бразганне кальчуг, звон скрыжаваных мячоў, гукі ўдараў баклераў, скрыгат шчытоў і баявыя клічы ўдзельнікаў разносіліся далёка па акрузе. Перамогу на турніры атрымаў расіец Сяргей Уколаў (клуб «Баярд»).
Прыхільнікі арганнай музыкі сабраліся ў фарным касцёле, дзе ў свой час хрысцілі Адама Міцкевіча, і атрымалі асалоду ад чароўных мелодыяў Баха, Бетховена, а таксама сталі першымі слухачамі фантазіі кампазітара А. Кароткінай «Грунвальд» для аргана і літаўраў. Толькі шкада, касцёл усё ж — не канцэртная зала, усіх ахвотных змясціць не змог.
Конны турнір
На ўваходзе ў «Горад майстроў», які размясціўся на тэрыторыі Малога замка, весела тоўпіліся ахвотныя трапіць у рукі да сапраўднага сярэднявечнага ката, які не ведае літасці. А вакол жвава ішоў гандаль разнастайнымі рамеснымі вырабамі: каванымі, ганчарнымі, ткацкімі. Тут жа даваў свае прадстаўленні сапраўдны «Батлейны тэатр пана Скіргайлы». Як расказаў сам спадар Скіргайла, «нашы спектаклі “Зданi з батлейнай скрынi” — своеасаблівая спроба расшыфраваць сэнс жартаў, што існавалі да ХІХ стагоддзя, бо з тых часоў гумар значна змяніўся».
Конны турнір сабраў у гэты дзень, верагодна, найбольшую колькасць гледачоў. А ўсё таму, што вялікая рэдкасць — убачыць конны паядынак, калі вершнікі ў даспехах адпаведнай эпохі спрабуюць выбіць адзін аднаго з сядла шастамі. Відовішча не для нервовых!
Не менш моцныя эмоцыі выклікалі і «бугурты». Пад дажджом рыцарскія даспехі глядзеліся асабліва змрочна і грозна.
З надыходам цемры пачалося «вогненнае шоў». Перад ім адбылася прэм’ера спектакля «Дамы і рыцары пры двары Уладзіслава Ягайлы», створанага на падставе тагачасных танцавальных трактаў, дзе танцоры Прыдворнага балета Cracovia Danza (Польшча) паказалі багацце прыдворнай і рыцарскай культуры ў Польшчы пачатку XV стагоддзя.
Аюна
Вееры, струны і поі ў руках чараўніцы Аюны (лаўрэата I беларускага конкурсу вогненных мастацтваў) часам, здавалася, рабіліся працягам цела, настолькі пластычна і гарманічна глядзелася яе выступленне.
Вельмі ўразіла прысутных праграма «Адбітак агню» тэатра «Крада» (Беларусь). Вогненныя мячы, снапы іскраў, злітыя ў адно з танцам і музыкай, сапраўды зачаравалі публіку. А горад у гэты час асвятліўся ўспышкамі святочнага феерверку.
Інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы
Ключавой імпрэзай нядзелі стала доўгачаканая інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы. Людзей сабралося безліч, у назіральныя пляцоўкі ператварыліся ўсе схілы найбліжэйшых пагоркаў. Гром гарматаў, шоргат стрэл і ляскат даспехаў разнесліся па наваколлі. У «бугурце» ўдзельнічала па 15 рыцараў, 3 коннікі і 5 лучнікаў з кожнага боку. Памаліўшыся («Ойча наш»), польска-літоўскае войска вырушыла ў паход супраць Тэўтонскага ордэна пад крыкі з шэрагаў гледачоў: «Давай, славяне!». І, як 600 гадоў таму, атрымала перамогу!
Турнір лучнікаў таксама праходзіў у нядзелю і складаўся з некалькіх практыкаванняў, якімі валодалі сярэднявечныя стралкі (стральба з калена, з пасоўваннем наперад, на далёкасць, на хуткасць, седзячы на бервяне, якое разгойдваецца (як на кані), маятнікавай мішэні). Перамогу ў ім атрымала Карына Трычык з «Гільдыі лучнікаў» (Мінск).
Турнір лучнікаў
Вядома, было яшчэ шмат усяго цікавага. Каб скласці сваё ўяўленне пра гэтае свята мужнасці і моцы, варта прыехаць і ўбачыць усё на ўласныя вочы.