Пасля паваенных масавых высяленняў немцаў і іншых «чужых», камуністычныя ўлады краін сацыялістычнага лагеру ўзялі курс на стварэнне «адзінага сацыялістычнага народа». Нешматлікія нацыянальныя меншасці, якія засталіся пасля некалькіх гадоў міграцый, напачатку проста ігнараваліся. Ва ўсіх дзяржавах камуністычнага блоку, акрамя федэрацыйных (Чэхаславакія і Югаславія) іх правы не былі аформлены заканадаўча і абмяжоўваліся да агульнага запісу ў канстытуцыі пра роўнасць усіх грамадзянаў.
Палітыка камуністычных уладаў у дачыненні венграў у Румыніі
Палітыка адносна нацыянальных супольнасцяў была нестабільнай, вагалася ад поўнага іх ігнаравання да дазволу кантраляванай асветніцкай і культурнай дзейнасці. Перыяды адноснай лібералізацыі раптоўна змяняліся ўзмацненнем асіміляцыйнага ціску, дзеля інтэграцыі ў «адзіны сацыялістычны народ».
У пачатку 60-х гадоў ХХ ст. такое здарылася з венгерскай меншасцю ў Румыніі. Неўзабаве пасля вайны ў Трансільваніі — месцы найбольшай канцэнтрацыі венгерскага насельніцтва — быў створаны Венгерскі аўтаномны раён. У ім развівалася венгерскае школьніцтва, адкрыўся ўніверсітэт, квітнела культурнае жыццё.
Венгерскі ўніверсітэт у Сяміграддзi
Але ў пачатку 60-х гадоў ХХ ст. румынскія камуністы рэзка змянілі палітыку адносна венграў: спачатку абмежавалі аўтаномію, а ў 1969 г. цалкам яе скасавалі, са школьніцтва пачалі выцясняць венгерскую мову.
Адной з прычынаў (і напэўна найважнейшай) такой палітыкі не толькі ў камуністычнай Румыніі былі эканамічныя праблемы. Планавая сацыялістычная эканоміка хутка выявіла сваю неэфектыўнасць. Жыццёвая сітуацыя насельніцтва пагаршалася, у грамадстве нарастала напружанне, камуністы шукалі спосабу яго разладавання і знаходзілі яго ў «добрым, старым нацыяналізме» — накіроўвалі народны гнеў супраць іншых нацыянальнасцяў, вось як у Румыніі супраць венграў, або ў Польшчы супраць габрэяў (найбольшы розгалас атрымаў пагром 1946 г. у Кельцах).
Нацыянальная палітыка ў дачыненні да беларусаў Польшчы
Ваганні і меандры камуністычнай нацыянальнай палітыкі ў поўнай меры зазналі на сабе беларусы ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Беларусы спрадвеку кампактна пражывалі на Падляшшы і іх не ўдалося выпхнуць у БССР падчас г.зв. рэпатрыяцыі 1945 — 1950 г.
Беларусы ў Польшчы
У першыя месяцы пасля адступлення немцаў у 1944 г. менавіта беларусы на Беласточчыне дапамагалі ствараць органы новай улады і складалі значную частку адміністрацыйнага апарату, міліцыі і службы бяспекі. Хоць яны часта дэкларавалі сябе як праваслаўныя палякі з тутэйшай мовай, але тое не ўратавала іх ад «чысткі» дзяржапарату, распачатай пасля ўмацавання новай улады.
Восенню 1946 г. на Беласточчыне пачаўся працэс прымусовай паланізацыі: былі зліквідаваныя ўсе беларускія структуры (школы, культурніцкія пляцоўкі), забаранялася браць на працу ў адміністрацыю «асобаў, якія дрэнна гавораць па-польску». У 1948 г. беластоцкі стараста заявіў: «На тэрыторыі павету можа і былі элементы, якія называлі сябе беларусамі, але цяпер усе дэманстрацыйна падкрэсліваюць сваю польскасць».
Аднак ужо ў 1949 г. палітыка змянілася, дзяржава зноў пачала адкрываць беларускія школы (гэтаксама як школы для чэхаў, славакаў, габрэяў, немцаў...) У 1956-1957 г. улады дазволілі меншасцям ствараць культурніцкія арганізацыі. Ад таго часу і да сёння дзейнічае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), выходзіць штотыднёвая беларуская газета «Ніва».
Рэдакцыя Нівы 1986 г.
У 70-я гады польскія камуністы выканалі новы паварот у нацыянальнай палітыцы — пачалі ўзмоцнена рэалізоўваць канцэпцыю «маральна-палітычнай еднасці польскага сацыялістычнага народа», што прывяло да пагаршэння сітуацыі нацыянальных меншасцяў (абмежаванне школьніцтва на нацыянальных мовах, скарачэнне фінансавання артыстычных фальклёрных суполак і інш.).
У сярэдзіне 70-х гадоў на ўсходзе і поўдні краіны была праведзена акцыя паланізацыі тапанімікі, галоўным чынам беларускай і украінскай. Менавіта ў той час Гарадок стаў Грýдкем, Гайнаўка — Хайнýўкай і г.д.
Гайнаўка. 60-я гады ХХ ст
Падчас крызісу ў краінах «сацыялістычнага лагера» пад канец 80-х гадоў ХХ ст. шмат хто з палітыкаў і аналітыкаў чакаў абвастрэння нацыянальных канфліктаў пасля развалу камуністычнай сістэмы. Таму новыя посткамуністычныя ўлады адразу пачалі прымаць меры...
(заканчэнне будзе)
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце па тэме:
Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 1: Усе супраць усіх
Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 2: Выгнанне на «гістарычную радзіму» «спосабам людскім» і нялюдскім