Літаратурная імпрэза з нагоды Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адбылася ўчора ў музеі імя Багдановіча ў межах кампаніі “Будзьма!”. Шмат вядомых пісьменнікаў, паэтаў, спевакоў і навукоўцаў сабраліся разам, каб ушанаваць памяць “самага рамантычнага” словамі Валерыі Куставай паэта Беларусі. Сярод іх былі Анатоль Вярцінскі, Сяргей Панізнік, Вячаслаў Райгойша, Валярына Кустава, Аксана Спрынчан, Зінаіда Феакцістава, акторы тэатру “Жывое слова”, Алесь Камоцкі і іншыя.
Паэт Анатоль Вярцінскі распавёў аўдыторыі, як адзначаў Дзень нараджэння Максіма Багдановіча ў Парыжы разам з вялікай дэлегацыяй ЮНЭСКА. Аксана Спрынчан зачытала пераклады вершаў М.Багдановіча на расейскую мову, зробленыя 25 гадоў таму яе дзедам, вядомым перакладчыкам Браніславам Спрынчанам, які трагічна загінуў у гэтым годзе. Алесь Камоцкі пранікнёна праспяваў “Зорку Венеру”, акампануючы сабе на гітары. Студэнты філфаку ў складзе тэатра “Жывое слова” выканалі некалькі вершаў Багдановіча і песню на словы паэта.
Падчас імпрэзы вядучыя праводзілі шматлікія конкурсы, пераможцы якіх атрымалі прызы ад “Будзьма!”. Адзін з іх – мастак Эдуард Агуновіч, атрымаўшы ў якасці падарунку торбачку з надпісам “Будзьма!”, адзначыў, што гэта вельмі добры падарунак для яго, бо сімвалізуе цяжкі лёс звычайнага беларуса, які не зважаючы на шматлікія цяжкасці ў жыцці ўсё роўна “будзе”.
Напрыканцы гасцей імпрэзы чакаў урачысты фуршэт.
“Будзьма!” удзячная за прадастаўленую інфармацыю і фатаздымкі Валерыі Куставай.