11 лютага ў мінскім Madison Royal Club адбыўся канцэрт Аліны Арловай. Маладая літоўская спявачка завітала ў Беларусь упершыню.
Даволі простыя і мінімалістычныя, але адначасова небанальныя і вельмі шчырыя песні Арловай зрабілі яе самай вядомай спявачкай у сваёй краіне: толькі за апошні год яна з’езьдзіла ў тур па Францыі, дала канцэрты ў Нарвегіі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, а аншлагі ў Расіі і Украіне сталі ўжо звыклай справай.
Прэзентацыя першага альбому маладой зоркі («Laukinis šuo dingo» — «Дзікі сабака Дынга») прайшла два гады таму ў віленскім касцёле Святой Катрыны, а другога («Mutabor») — ў мінулым годзе ў дворыку Касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы
Марыі ўсё ў той жа Вільні. Ці варта казаць, што абраны ў Мінску для канцэрту гламурны начны клуб ня вельмі пасаваў да пераважна лірычных твораў Арловай. Але гэта не перашкодзіла спявачцы стварыць утульную атмасферу і парадаваць гледачоў. Іх было так шмат, што на ўваходзе ў клуб стварылася вялікая чарга і пакуль усе жадаючыя не трапілі ў залу, канцэрт не пачаўся.
Толькі праз гадзіну ад заяўленага часу пачатку выступу на сцэне з’явіліся два маладых музыкі з віяланчэллю і гітарай, а потым і сама рудая спявачка ў прыгожай сукенцы з кветкамі села за клавішы. Арлова чаргавала песні на літоўскай, расійскай і ангельскай мовах і зрэдчас сціпла звярталася да публікі, якая шчодра адорвала воплескамі як знаёмыя хіты («Спи», «Lijo», «Чудеса»), так і песні, якія яшчэ афіцыйна не выдаваліся («Совушка», «Ворон»).
Увесь час эксперыментуючы з гукам, Аліна і яе музыкі змянялі ў некаторых творах ня толькі аранжыроўкі, але і настрой песняў: «Vaikelis» была даведзеная да амаль сімфанічнага гучаньня, пры гэтым захаваўшы мінімальную колькасць выяўленчых
сродкаў, «Twinkle, Twinkle Little Star» пераўтварылася ў трагічны плач, а і так сумная «Čia» — ў псыхадэлічны сон…
На першы «біс» Аліна выйшла без акампанементу, разлічваючы развітацца пад адзін з сваіх галоўных хітоў — сумную песню «Ramuma» («Утаймаваньне») — пра кветку маку, якая расце паміж чыгуначных рэек і спявае песні аслеплым машыністам і збітым жывёлам. Але і гэта быў не канец: гледачы выкленчылі другі «біс», на які ўжо ў музыкаў не засталося адрэпетаванага матэрыялу і Арлова прапанавала сыграць другі раз за вечар вясёлую песню пра луну — «Mėnulis» — гледачы былі ня супраць.
На гэтай мажорнай ноце і скончыўся канцэрт. Аліна на развітанне пажадала беларусам добрай вясны і знікла за сцэнай, а арганізатары яе канцэрту ўжо плануюць новы — ўлетку і ў больш падыходзячым месцы.