Каманда на чале з Алесем Таболічам адзначыла 15 гадоў дзейнасці канцэртам у новым клубе RE:PUBLIC, дзе прэзентавала свой новы альбом “Мроя”. Павіншаваць і падтрымаць калегаў прыехаў адзін з найлепшых метал-гуртоў Латвіі – SKYFORGER, лідар якога на знак пашаны нават развучыў беларускую песню.
Уваход — 100 000, дыскі ад 100 000 да 200 000, піва па 17 000. Нягледзячы на такія шакавальныя цэны, у клубе RE:PUBLIC сабралося з паўтысячы прыхільнікаў паган-металу. У гэты вечар гурт ZNICH прадстаўляў свой новы альбом “Мроя” ды адзначаў 15-годдзе дзейнасці. Канцэрт вырашана было зрабіць сумесным з паплечнікамі з латышскай каманды SKYFORGER. Прычым лідар “знічоў” Алесь Таболіч вырашыў, што госці будуць выступаць апошнімі.
“Мроя” – плён пяцігадовай працы каманды Таболіча. За альбом узяліся адразу пасля выхаду дыска “Крыжы-абярэгі” (2006). Музыкі на новай плытцы вырашылі не стрымліваць сябе ў межах аднаго стылю, таму “Мроя” атрымалася, пэўна, самым разнастайным альбомам у дыскаграфіі ZNICH. Загалоўны трэк прыхільнікі паспелі ўжо палюбіць ды завучыць.
За паўтарагадзінны сэт Таболіч паспеў паказаць новыя кампазіцыі і заспяваць найлепшае з папярэдніх чатырох дыскаў. “Успомнім нашу былую краіну”, — закрычаў лідар ZNICH ды заспяваў “Кроў, крэва, Крыва — Крывейта”. Потым паклікаў на сцэну каларытнага дудара Косцю Трамбіцкага, і загучала песня ўжо пра сучасную краіну — “Беларусь”, а скончылі “Язычнікам” — загалоўнай песняй з першага альбома каманды “Язычнік я” (1997). Нягледзячы на просьбы прыхільнікаў “выканаць Я-шчэ”, ZNICH саступіў месца гасцям імпрэзы. “Каб засведчыць сваю гасціннасць”, — патлумачыў лідар каманды.
SKYFORGER — знаны ў сваім кірунку гурт, які існуе з 1995 года і мае на рахунку шэсць альбомаў. Фактычна гэтыя суворыя латышскія волаты ў чырвоных кашулях выконваюць тую ж музыку, што і ZNICH, часам больш трэшавую. Іх рэпертуар таксама грунтуецца на народных песнях ці стылізацыях пад іх, яны таксама апяваюць паганскіх багоў і пераказваюць даўнія казкі.
“Цяпер наша песня “Падзямелле” паводле балтыйскай казкі пра хлопца, які выправіўся на змаганне з чортам”, — прадставіў адзін са сваіх твораў лідар SKYFORGER Петэрыс Квяткоўкіс, малады яшчэ чалавек, якому, аднак, вялікая густая барада дадае гадоў 20. Пяялі музыкі выключна па-латышску, са смакам прадстаўляючы кожны твор і кажучы пасля апошняга акорда нязменны “дзякуй!”. Але не толькі адно слова па-беларуску развучылі латышы. Вялікім сюрпрызам для слухачоў была песня “Ой,чаму ты зара займаешся” з прывітаннем Івану Кірчуку.
У SKYFORGER, якія ўжо былі ў Беларусі восем гадоў таму, яшчэ нямала часу, каб бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай. Разам з гуртом ZNICH яны выпраўляюцца ў тур па беларускіх гарадах.