Нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам гісторыі, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ.
Творы Арлова перакладзеныя на 25 моваў свету. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Ф.Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру, “Гліняны Вялес” Таварыства вольных літаратараў і міжнароднай прэміі “Эўрапейскі паэт свабоды”.
на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў –
гнуткіх плаўнікоў
што зьведалі
і шторм і штыль
і сонца і прадоньне?
стаміліся
як Сальвадор Далі
у анфілядах
зыркага сутоньня?
ці можа проста захацелі
тут
пераканацца
што за Рубіконам:
нічога?
вечнасьць?
некалькі сэкунд
для разьвітальнае размовы
з Конам?
на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
некалі і ты
зрабіўшыся героем
адыёзным
свайго спэктаклю
выкінешся ў мора
цябе
насуплена сустрэне хтось
ля вузкай брамы
іншае прасторы
ён ведае
адкуль зьявіўся госьць
зьняможаны за доўгія вякі
спытаецца з усьмешкай
каматознай
зірнуўшы у бязьмежжа
з-пад рукі:
чаго вам не хапае
адыёзным
у той стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў?
Мая любая складаецца з шуфлядак
мая любая
складаецца
зь безьлічы шуфлядак
у адной
уладкаваўся
сьветлы настрой
у другой
варушыцца
нешта паласатае і ў кратку
у трэцюю
страшна й зазіраць
у гэтай
прыгрэліся
кацяняты добрых сноў
у наступнай
надзейна прыціснутыя
камянямі бяссонных начэй
кашмары
у шуфлядзе з кніжкамі
ідэальны парадак
усё паводле альфабэту
як у бібліятэцы
Акутагава
Борхэс
Ван Мэй
шуфляда-аптэчка
адмысловы куток
для кантрацэптываў
а тут
бруяцца
водары парфумы
заводзяць
запальваюць
быццам падабраныя
добрай ці злой вядзьмаркай
гарады
дзе мая любая
была шчасьлівая
Адэса
Амстэрдам
Варшава
Полацак
чамусьці Чарнаўцы
у суседняй шуфлядзе
плешчацца мора
дзе мая любая
ледзь не пайшла на дно
дагэтуль не разумею
танула
ці тапілася
а вось
ранейшыя мужчыны
маёй любай
такія зь сябе пэрсанажы
тэатру марыянэтак
пераважна чарнявыя
адзін агніста-рыжы
адзін цалкам лысы
адзін чарнаскуры
а вунь той смуглявы
заколаты шпількай
да нашае эры
склалася багатая калекцыя
усё вельмі прыстойна
паважныя экзэмпляры
ў гарнітурах
часам швэдры і джынсы
у горшым разе
шорты й саколкі
на адной
камандантэ Фідэль
пэўна гаспадар кубінец
побач
у асобным
камфартабэльным памяшканьні
самоціцца
кучаравая зеленавокая шатэнка
на наша мужчынскае шчасьце
лесьбійскі досьвед
маёй любай
застаўся адзіным
учора
калі мая любая
стамлёна заснула
я пяшчотна вызваліўся
зь ейных абдымкаў
адчыніў шуфлядку для любага
і заместа сябе
знайшоў там
свайго даўняга
сябра