На пляцоўцы выставачнага комплексу “БелЭкспа” ў ноч з пятніцы на суботу выступіў адзін з трох удзельнікаў Depeche Mode Эндзі Флэтчэр, які зайграў уласны ды-джэй сэт з выкарыстаннем трэкаў сваёй каманды ды іншых актуальных сусветных хітоў. Эндзі абнадзеіў прыхільнікаў DM. Магчыма, ён вернецца ў Мінск. І не адзін.
Клавішнік Depeche Mode Эндзі Флэтчэр мэтанакіравана забіраецца ў краіны, дзе яшчэ не было канцэртаў яго гурта. Кажуць, што гэта добры знак. Калі гэтаму чалавеку, які больш нагадвае прафесара, чым музыканта культавага электра-рок гурта, спадабаецца, то неўзабаве ў госці можна чакаць і Гаана з Горам.
“Мінск падобны да горада, дзе я нарадзіўся. Ён таксама быў адноўлены пасля вайны. Праўд, мой горад меншы”, – прамовіў з сваёй фірмовай стрыманай усмешкай Флэтчэр па прыбыцці ў Беларусь. Ён паведаміў журналістам, што проста шчаслівы падарожнічаць па свеце па-за межамі гастроляў Depeche Mode. Тады ў яго больш часу, каб пабачыць нязведаныя прасторы. Дагэтуль ён быў з сваімі ды-джэй сэтам у Адэсе, Маніле, Дубаі, Джакарце, Пекіне, Сеуле ды іншых гарадах. Выглядаў 50-гадовы музыкант стомленым, але надта весяліўся, калі чуў зварот да сябе па-руску: “Мии-стее-р Флетчер”, – паўтараў ён з дзікім акцэнтам рэхам за тутэйшай журналісткай. А калі прыхільніца падаравала яму лялечную копію яго самога, дык наогул расквітнеў.
Перад выхадам апоўначы на сцэну выставачнага комплексу “Белэкспа” 50-гадовы Флэтчэр цалкам адаптаваўся і выпраменьваўся пазітывам, жартуючы з кожным, каго бачыў перад вачыма. “Я бы наогул марыў граць у футбол. За “Чэлсі”. Толькі надта ўжо стары для гэтага”, – заявіў ён.
Але для двухгадзіннага сэта яго хапіла з лішкам. Падчас яго выступу перад сцэнай сабралася самыя адданыя фэны Depeche Mode, якія не пашкадавалі грошай, каб пабачыць Аднаго з Траіх. Такіх набралася з пару тысяч чалавек, якія жвава рэагавалі на музыку, якую ставіў музыка. DJ Флэтчэр даў людзям таго, што яны хацелі – ён не толькі кампіляваў песні Depeche Mode з электроннымі сэмпламі, але і ставіў іншую актуальную музыку. Асабліва добра зайшоў апрацаваны ім трэк “Wonderful Life” ад Hurts. Трэк, які прагнулі пачуць усе – “Personal Jesus” – прагучаў пры канцы сэта.
Выглядала, што Эндру застаўся задаволены беларускай сталіцай. “Маю спадзяванне, што мы прыедзем наступны раз у Мінск усім гуртом”, – заявіў ён. У 2012 годзе Depeche Mode якраз збіраецца пачаць запіс новага альбому і паехаць па ўсім свеце з турнэ.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча