Ася Паплаўская: «Быць сапраўдным»

180px-d0b0d181d18f_d0bfd0b0d0bfd0bbd0b0d19ed181d0bad0b0d18f

– Беларускай я стала сапраўды раптоўна. Але не нечакана. Было адчуванне, што мяне чакае перараджэнне, новае жыццё, новая я.

Нарадзілася я ў Расіі, у тры гады пераехала з бацькамі ў Мінск. У школе беларуская мова была хіба не апошнім прадметам у рэйтынгу. То бок яна была толькі тэарэтычна. Не пашанцавала мне з настаўніцай.

Пасля школы паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Мабыць, гэты крок і вырашыў маю сучаснасць. Беларуская мова прыйшла разам з беларускай літаратурай. Сучаснай беларускай літаратурай.

Неяк мы з сяброўкай гулялі па Мінску ды завіталі на філфак. Памятаю, што зайшлі, бо не было куды падзець час – ішлі ў тэатр, да спектакля заставалася гадзіны тры недзе… Зайшлі ў кніжны шапік, што на філфаку, а пасля падышлі да дошкі аб’яваў. Там была абвестка пра прэзентацыю кнігі Насты Кудасавай “Лісце маіх рук“. Паколькі да вечарыны заставалася хвіляў 10, мы вырашылі: сходзім паглядзім, што гэта за звер такі… З таго вечара запомнілася, што адным з выступоўцаў быў Уладзімір Арлоў, а вёў вечар асіплы, хворы Зміцер Вішнёў. Паэзія Насты мне настолькі спадабалася, так закранула душу, што я кнігу набыла і цвёрда для сябе вырашыла: буду наведваць паэтычныя вечарыны і прэзентацыі. І стала наведваць. Пасля адбылося віртуальнае знаёмства з Вікай Трэнас. Яна й пачала мяне ўводзіць у кола сучаснай беларускай літаратуры.

Беларускую мову тады, на першым курсе, ведала блага: адбівалася яе амаль поўная адсутнасць у школе. Але галоўнае – жаданне ёй авалодаць. А жаданне было. Тут быў і сорам за рускамоўнасць ў коле беларускамоўных, і імкненне ведаць нешта новае, нешта… роднае. Вучыла мову, чытаючы беларускую літаратуру. Адной з першых кніг стала “Шчасце быць” Барыса Пятровіча. А пасля – панеслася. Мяне сучасная беларуская літаратура захапіла настолькі, што на другім курсе вырашыла: нам з ёй ісці разам па жыцці.

Па-беларуску размаўляю паўсюль. З усімі. Не саромеюся. Глупства якое – саромецца роднае мовы! Наадварот: нават нейкі гонар быў спачатку. Цяпер ён перайшоў ва ўсведамленне таго, што інакш і быць не магло. Мне пашанцавала: журфак, безумоўна, спрыяе беларускасці. Ды й амаль усе мае сябры, знаёмыя са мной размаўляюць па-беларуску. Толькі бацькі рускамоўныя. Што там казаць? Яны наогул – рускія.

У кожнага свой шлях да беларускасці, да таго, каб быць сапраўдным, каб пачувацца ў сваёй талерцы. У мяне вось такі – праз літаратуру. І я гэтаму вельмі радая.

Ася Паплаўская, студэнтка

Аб праекце “Як я стаў беларусам”

2 каментара

  1. # 25 верасня 2009 22:45
    Віта

    … дастаткова павучыцца трошкі на журfuck’у, і ты – літаратар. элементарна, Ватсан!
    наздарма кажуць, што жыць у Беларусі і не быць паэтам – гэтак жа складана, як жыць у Афрыцы і не быць пры гэтым чорным… калі б усё было так проста, беларуская мова магла б дамінаваць ва ўсім свеце, а беларусы замест бульбы часцей за ўсё знаходзілі б на сваіх лецішчах нафту…

    • # 26 верасня 2009 01:27
      kviat

      што вы маеце супраць манголаў? вы расістка? ваш камэнтар падрэдагаваны.

Ваш каментар