IQ48 парадавалі сваіх прыхільнікаў рэдкім сольным выступам і засведчылі чарговы раз, што з’яўляюцца моцнай канцэртнай бандай. Той, хто трапіў у гэты вечар у клуб TNT, яўна застаўся задаволеным.
Каб сыграць у TNT, IQ48 мусілі прайсці жорсткі адбор напярэдадні. Разам з двума дзясяткамі іншых маладых і не вельмі камандаў яны ўзялі ўдзел у закрытым праслухоўванні і па выніку атрымалі магчымасць выступіць з сольным канцэртам. Праўда, адладзіцца загадзя ім чамусці не далі — на гэта пайшла першая гадзіна канцэрту.
Выступ прызначылі на “стары-новы год”, дзіўнае свята, што засталося нам у спадчыну ад саветаў. Да гэтага IQ48 не выступаў амаль тры месяцы, так што музыкі яўна засумавалі па сцэне і падрыхтавалі праграму з 20 сваіх самых яркіх песняў. У аснове былі творы з апошняга дыска “HMR”. Вакаліст каманды Саша Ракавец кажа, што падрыхтоўка да новага альбома ідзе поўным ходам, частка твораў ужо напісаная. Праўда, на канцэрце 13 студзеня музыкі наважыліся паказаць толькі тры з іх — “Гарэлка”, “Акула” і “У цёмным завулку”. Усе нумары жывыя і прасякнутыя энергетыкай, іншых у іх проста няма. IQ48 наогул засведчылі лішні раз, што з’яўляюцца моцнай канцэртнай бандай, якіх на беларускай сцэне яшчэ пашукаць. І што невялікага TNT ім яўна мала, плачуць па “здаровых ласях” вялікія пляцоўкі, дзе ім можна разгарнуцца, а Ракаўцу ўдоваль наскакацца.
IQ48 вельмі здорава выглядалі, гук у клубе быў проста выдатны. Народ нястомна слэміўся пад іх спевы ад самага першага нумару. “Кахайце адно аднаго! Будзьце сабой!”, — нёс пазітыў у масы жыццярадасны франтмэн і прапаноўваў станчыць то дыска, то ніжні брэйк, а то проста мядляк. Пяялі “айкьюшнікі” пераважна сваё, а таксама Анемпадыстава і Купалу. На “Гэй наперад” і “Зрабілі мой клён” гледачы асабліва разышліся, але выявілася, што гэта апошнія запланаваныя трэкі. Музыкаў угаварылі яшчэ на біс, на якім была аддадзеная даніна павагі Rage Against The Mashine. Гучаў беларускамоўны кавэр на амэрыканцаў “Калідор”, які незаўважна ўвайшоў у лік галоўных канцэртных нумароў IQ48. Зусім на дэсерт была “Чыво ты”, спетая Сашам пад адну толькі гітару Бузы і прадстаўленая як узор “завадскога эрэнбі”. Наступны адказны канцэрт гурта запланаваны на сакавік.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч