Гомельскі пісьменнік-постмадэрніст Сяргей Балахонаў пасля доўгага перапынку выдаў другую кнігу “Зямля пад крыламі Фенікса”. Гэта аўтарская версія беларускай гісторыі, у якой існуюць, напрыклад, птушкі фенікс з Палесся, дэмбельскі альбом Францыска Скарыны ды іншыя цуды. Як расказаў пісьменнік у інтэрв’ю карэспандэнту budzma.org, даверлівы чытач часам прымае містыфікацыі за чыстую манету.
— Некаторыя тэксты для кнігі пісаліся яшчэ ў пачатку 2000-х. Раскажыце, калі ласка, як ствараліся містыфікацыі. Чаму Вы вырашылі цяпер выдаць іх кнігай?
— Зборнік склалі містыфікацыі, напісаныя з 2002 па 2011 г. Пэўная частка з іх публікавалася ў папяровых выданнях, пэўная мела толькі электронную публікацыю. Але самы буйны тэкст “Пчолачкі гудуць”, або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства” — увогуле прэм’ерны. Першыя (пра аднарогаў, папараць-кветку і інш.) пісаліся ў нейкім дураслівым юнацкім запале. Пазнейшыя ж ствараліся ўжо з пэўным разлікам і калі не планам, дык нечым да таго падобным. Само з’яўленне ідэяў і анатомія стварэння містыфікацый для мяне застаецца загадкай. Нешта страляе ў галаве, і пайшло. Але адно магу сказаць: падчас стварэння містыфікацыі ёй трэба жыць, як бы пафасна гэта ні гучала. Да выдання містыфікацый асобнай кнігай ужо некалькі гадоў падштурхоўвалі знаёмыя. Да таго ж мае містыфікацыі сталі яшчэ і аб’ектам навуковай рэфлексіі. Дык для зручнасці кніга — самае тое.
— Як школьны настаўнік ці знаёміце Вы вучняў з паралельнай гісторыяй, народжанай вашай фантазіяй? Можа міф альбо гістарычны жарт дапамагчы ў выкладанні? Ці шмат у Вас увогуле нараканняў да таго варыянту гісторыі, які падаецца ў школьных падручніках?
— Вучням трэба спачатку засвоіць школьную праграму, здаць экзамены і не заваліць ЦТ. Гэта першаснае. Калі да ўсяго падмешваць яшчэ і свае калягістарычныя фантазіі, то невядома, у што гэта выльецца. Міф ці жарт у выкладанні патрэбныя. Але я лічу, што гэта павінныя быць міфы і жарты, народжаныя самой гісторыяй. Пра школьныя падручнікі нічога казаць не хачу.
— Ёсць меркаванне, што беларускай гісторыі не хапае міфалагізацыі, якая зрабіла б яе больш папулярнай. Ці ведаеце Вы прыклады, калі гісторыкі штучна стваралі міфы?
— Нам не міфалагізацыя, а поўная перабудова погляду на нашу гісторыю патрэбная. Часам лаўлю сябе на думцы, што мы карыстаемся схемамі, якія выпрацавалі расійскія ці польскія гісторыкі ў мінулым ці пазамінулым стагоддзі. Так, нашыя гісторыкі могуць з гэтымі схемамі змагацца ў сэнсе інтэрпрэтацыі фактаў і г.д., але ж каркас застаецца ўсё тым жа. Патрэбен геній, які б здолеў вырвацца з палону наяўных уяўленняў пра беларускую гісторыю. Гэта мог бы ў свой час зрабіць Вацлаў Ластоўскі, калі б той час не быў такім бязлітасным да яго.
Тое, што гісторыкі раз-пораз ствараюць міфы, — не навіна. Гэтым грашыў Тэадор Нарбут, аўтар кнігі “Гісторыя літоўскага народа”. Цяпер лічыцца, што шэраг язычніцкіх багоў (таго ж Зюзю), прыдумаў Павел Шпілеўскі.
— А ёсць нейкая мяжа, за якую нельга заходзіць у літаратурнай гульні з гісторыяй? Ці былі для Вас сакральныя тэмы, якія Вы не наважваліся чапаць?
— Я пра гэта не думаў. Хаця многім рэальным гістарычным асобам прыпісаў словы і дзеі, якія ім ніколі не належалі. Усё-ткі я зыходжу з таго, што не хаваю містыфікацыйнага характару сваіх тэкстаў. Але чытачы іншым разам гэтага не разумеюць. Вось і даводзіцца чуць, што нават згадку пра дэмбельскі альбом Францішка Скарыны людзі ўспрымаюць за чыстую манету. Кола забароненых тэмаў я для сябе свядома не акрэсліваў.
— Хто дамінаваў у Вас падчас напісання містыфікацый — гісторык альбо пісьменнік?
— Цяжка сказаць. Хутчэй гісторык, які вырашыў трохі пажартаваць, але не вызначыў для сябе мяжу гэтага “трохі”.
— Дарэчы, наколькі чытач павінен ведаць гісторыю, каб разгадаць усе сакрэты кнігі?
— Мяркую, некаторыя сакрэты кнігі на гэты час не змагу разгадаць нават я сам. З іншага боку, мне здаецца, што кніга можа быць шокам для непадрыхтаванага чытача. Тэлефанаваў жа мне неяк чытач і прасіў вывесіць у інтэрнэт фатаграфію забітага ў 1863 г. фенікса, якую я згадаў у адпаведным творы.
— Здаецца, беларусы чакаюць нейкага ашаламляльнага гістарычнага адкрыцця, якое праславіла б нас на ўвесь свет. Таму мы так радуемся, калі чуем пра беларускія карані сусветных зорак, шукаем сляды цмока і верым, што з нашай радзімай сапраўды не ўсё так проста. Птушка фенікс з Палесся — гэта іронія з беларускай мары пра цуд?
— Іроніі ў кнізе дастаткова. Напэўна, збоку яна ўспрымаецца неадназначна. Але гісторыя пра беларускіх феніксаў павінная выклікаць у чытача не толькі ўсмешку, але і выціснуць слязіну.
— А які ваш любімы міф з беларускай альбо сусветнай гісторыі?
— Дазволю сабе літаральна ўспрыняць паняцце “міф” і згадаць наш міф пра першага беларуса Бая (Боя) і яго сабак Стаўры ды Гаўры, а з сусветнай — міф пра Тэзея, Арыядну і Мінатаўра. Калі ж казаць менавіта пра гістарычны міф, то тут можна прыгадаць паданне пра рымскае паходжанне шляхты ВКЛ. Але не сказаў бы, што ён мой любімы. Вось у адным з маскоўскіх летапісаў царскі радавод сягаў егіпецкіх фараонаў — і гэта мяне ў свой час чамусьці ўразіла больш.
— Ці ёсць нейкія правілы міфатворчасці? Як пераканаць усіх, што, умоўна кажучы, “Ленін быў грыбам”?
— Не думаю, што тут ёсць гатовыя рэцэпты. Часам людзі вераць таму, што чуюць, бачаць, чытаюць. Ты можаш быць на сто працэнтаў перакананым, што чытач заўважыць тваю ўсмешку ў пэўным фрагменце твора, а ён возьме ды паверыць. Яшчэ і іншым раскажа. Для мяне гэта застаецца вялікай загадкай.
Аляксандра Дорская