Юр’я – старажытнае вясновае сьвята ў гонар Сонца, скіраванае на забесьпячэньне ўрадлівасьці ў надыйшоўшым годзе. Пад час абрадавага юраўскага абыходу маладога жыта (руні), у часе гульняў моладзі пры жытнім полі выконваліся песьні-магічныя заклінаньні, ў якіх прасілі Юр’ю ўзяць ключы, адамкнуць зямлю і выпусьціць расу.
Па апісаннях этнографа П. Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. у часе абраду выбіралі дзяўчыну і апраналі яе ў белае адзеньне. Дзяўчыну садзілі на белага каня, прывязанага да слупа. Вакол іх дзяўчаты ў вянках вадзілі карагод (часам і па засеянай ніве) і сьпявалі песьні.
Да сьвята Юр’я на вядомым музычным партале Тузін гітоў фальклорны гурт Guda і Дзьмітрый Дзямідаў, саундпрадусар і музыкант (Indiga, Jingle Band) прадстаўляюць сучасную версію архаічнай песьні «Юр’я, уставай рана».
Аранжыроўка песьні – Дзьмітрый Дзямідаў.
Вакал – GUDA,
барабаны – Антон Арлоў,
бас гітара – Ігар Сацэвіч,
гітары, клявішныя – Дзьмітрый Дзямідаў.
20 траўня GUDA ўпершыню ў сваёй гісторыі прадставіць электрычную праграму з рок-складам у межах праекту «Тузін.Unplugged».