Брэсцкі гурт прыехаў у Мінск прадставіць праграму “Велоакустика” ў пашыраным складзе. Але Стыльскі не вытрымаў ды замяніў пасярод канцэрту акустычную гітару на электрычную.
На пачатку канцэрту Юры Стыльскі павітаўся з усімі гледачамі, да каго дацягнулася рука. Канцэрт зацягнуўся б яшчэ на гадзіну, калі б музыкант вырашыў паціснуць руку кожнаму – людзей было багата. “У нас сёння лайтовы канцэрт, але драйв будзе”, – паабяцаў лідар “Дай дарогу” і зайграў “Пятую палату”. Брэсцкі гурт прадстаўляў у Мінску сваю праграму “Велоакустика”, граючы пераважна вядомыя песні ў зусім новых напаўакустычных аранжыроўках. Гурт папоўніўся на аднаго ўдзельніка – публіцы быў прадстаўлены гітарыст Вадзім, які зрабіў гучанне гурта больш насычаным. Сам Стыльскі ўзяў у руку акустычную гітару, сеў на барнае крэсла ды спяваў усімі любімую песню пра сандалі, якая ў гэты вечар перад працоўнай суботай гучала асабліва актуальна. Не хапала хіба толькі адказаў на запіскі з залы. “Мы намагаліся зрабіць так, каб нашы песні зусім не былі падобныя да арыгінала”, – тлумачыў музыкант мэты і задачы “Велоакустики” і з гонарам прадэманстраваў, як цяпер загучала песня “Остаётся только кал”. Пазналі яе сапраўды не адразу.
Асаблівы водгук знайшло прысвячэнне брэсцкаму будтрэсту нумар 8. “І я там быў, на лясах хадзіў, – прызнаўся Юры перад выкананнем “Самого уникального”. – Праўда ўсяго толькі тры дні. Мне гэтага хапіла”. Умоўная камернасць праграмы не зашкодзіла шалёным скокам, з кожнай новай песняй ахвочых скокнуць са сцэны ў натоўп станавілася ўсё болей. Не выседзеў і сам Стыльскі, адкінуўшы ў пэўны момант крэсла. На пару песень музыка ўзяў усё ж у рукі электрагітару: “Ад вас так прэ, што ў мяне струны лопаюцца на гітары”. У зале сапраўды было горача, і Юрык дазволіў усім ахвочым зняць верхнюю адзежу – “бо дупа”. Неверагодны фінт музыкант зрабіў на песеньцы “Переночевать”, скокнуўшы з усяго разбегу ў натоўп. Стыльскага панасілі на руках ды акуратна вярнулі на сцэну. Яго дужа прасілі выканаць “Саню”, але музыкі у рэпертуар яе апошнім часам не ўключаюць: “Так нельга, клуб будзе пад пагрозай”, – тлумачыў прыхільнікам музыкант. Затое было парачку прэм’ераў, як песня “Предсмертный хит”, напісаная “ў абарону свіней”.
Праграма “Дай дарогу!” была разлічана на дзве гадзіны. Стыльскі вырашыў папярэдзіць выклік на біс: “Шоб панты не калаціць і не хадзіць туды-сюды, мы ўрэжам ды пойдзем спаць”. Але музыкаў паклікалі па сыходзе ізноў, з апошніх сілаў яны сыгралі “По синему” на агульную радасць публікі.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч