Піратэхнічныя фокусы, асляпляльны бляск, эфектная харэаграфія, сем пераапрананняў і трон на сцэне. Амерыканская поп-зорка ў межах сусветнага тура Dance Again зрабіла прыпынак і ў беларускай сталіцы, дзе сабрала шматтысячную «Мінск-Арэну».
43-гадовая спявачка амаль увесь канцэрт правяла ў няспынным танцы, дэманструючы цудоўную фізічную форму. Мяняліся дэкарацыі, сцэна ззяла лазернымі промнямі, зладжаная падтанцоўка не давала гледачу адарваць позірк, нават калі спявачка знікала на лічаныя секунды, каб змяніць чарговы строй. Відовішчнасцю дзея нагадвала яскравы мюзікл. Шоу уразіла беларускую аўдыторыю, якой, дарэчы, ужо ёсць з чым параўноўваць.
«Слаба, – раптам буркліва сказала жанчына за нашымі спінамі. – Вось Шакіра была крутая, на яе я б любыя грошы аддала, хоць увесь заробак, калі б яна прыехала яшчэ раз».
Дарэчы, цэны на квіткі, немалыя па беларускіх мерках, змусілі многіх сумнявацца, што збярэцца поўная зала. Пісалі таксама, быццам першымі былі раскупленыя самыя дарагія квіткі – на VIP-месцы. Але, як бачым, беларусы ўсё ж гатовыя плаціць за відовішчы.
Падчас канцэрту Лопес з’яўлялася перад публікай у розных іпастасях. «Адкуль вы? Вы з Мінска? – падагравала яна залу. – А я простая дзяўчына з Бронкса, Нью-Ёрк». І спявала некалькі песняў у вобразе «свойскага хлопца» з небагатага квартала. Пасля выходзіла ў паветранай нябеснай сукенцы, тут жа спакайнела і пад тужлівы акампанемент гітарыста выконвала песню з першага альбома, а за ёй – прысвечаную дзецям Until it beans no more. Фонам ішлі кадры з сямейнага архіва спявачкі, дзе яна гуляе са сваімі маленькімі блізнятамі – Максам і Эмі (дарэчы, дзеці таксама прыехалі ў Мінск). Праз нейкі час, схаваная за веерамі танцораў, спявачка зрывае папярэдні касцюм і застаецца ў маленькай чырвонай сукенцы: вядома ж, адразу новы вобраз – парывісты і дзёрзкі.
Лопэс ахвотна размаўляе з аўдыторыяй, звонка смяецца, патрабуе фотакамеру ў кагосьці з першых шэрагаў і, гнутка нахіліўшыся, фатаграфуе сябе на фоне натоўпу. Але адваротная сувязь атрымліваецца не заўжды. Магчыма, людзі не заўсёды разумелі шматслоўную звонкую ангельскую мову Лопэс і таму проста рэагавалі бадзёрымі воклікамі на кожнае яе слова.
Нягледзячы на іскры, якія то сыпаліся зверху, то выбухалі знізу сцэны, атмасфера ў зале была неяк «без аганьку». У адрозненне ад папярэдняга канцэрту тура, які адбыўся ў Баку, дзе фанаты лезлі на сцэну, а ахове даводзілася супакойваць гледачоў у сектарах, бо яны ўвесь час ускоквалі і танчылі, беларусы паставіліся да сусветнай зоркі даволі млява, і нават на танцпляцоўцы было мала тых, хто б рухаўся ці падпяваў. На біс таксама клікалі неяк не надта пераканаўча. Магчыма, гэта рыса нашай публікі: згаджацца на тое, што даюць. Ну, скончыў чалавек спяваць, навошта яго яшчэ ўгаворваць? А, можа, людзі проста ідуць на такія канцэрты дзеля яркага шоу, таму і паводзяцца як у тэатры.
У любым разе, акрамя ўражання ад дасканалага відовішча пасля канцэрту застаецца сімпатыя да Джэніфер (асабліва калі глядзіш відэа, дзе яна так радасна абдымаецца з фанатамі каля гатэля). Ты ўжо быццам ёй трошкі сябар ці хаця б проста знаёмы.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Ждановіч