Эдуард Мацюшонак: “Як мастак я пачаў пісаць працы, непарыўна звязаныя з маёй зямлёй.”

maciusonak-eduard

— Я ўсвядоміў сябе беларусам, калі пачаў разумець усё тое, што бачу наўкол, прапускаць гэта праз сябе. Яшчэ маленькім хлопчыкам бачыў свет, сонейка, хадзіў па палях, па лугах, лавіў рыбу, але не меў панятку аб тым, што такое нацыя і нацыянальнасць. Цяпер я з задавальненнем узгадваю, што ў нас у школе прадметы выкладаліся на беларускай мове.

Пакрысе знаёмячыся з літаратурай, мастацтвам, я пачаў усведамляць сябе чалавекам, які жыве на гэтай зямлі і належыць да гэтага народа. Людзі, што жылі тут да мяне, па-рознаму ставіліся да культуры і гісторыі. Адныя сябе лічылі літоўцамі, другія палякамі, трэція беларусамі. Рэчы мастацтва былі вырабленыя маімі продкамі. Калі глядзіш на гэта больш свядома, хочацца пакінуць нейкі след пасля сябе.

Мяне вельмі ўражваюць знаёмствы з людзьмі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць да нейкага народа, іх тлумачэнні, праз што.

Як мастак я пачаў пісаць працы, непарыўна звязаныя з маёй зямлёй. Колер атрымліваецца няяркі, стракаты. Ён перадае такое пачуццё, як у Сергіевіча, мастака з вельмі беларускім светаадчуваннем і светапоглядам. Колер яго прац — беларускі; ён як срэбная вуаль. Я заўважыў такое і ў сабе: спакойныя колеры найлепш выказваюць мае думкі.

Я з вёскі. У маім маленстве бацькі шмат працавалі, і таму я не атрымаў ад іх грунтоўнага выхавання. Яны не мелі часу. Галоўным цэнзам для паводзінаў было глядзець, каб усё было добра, па-людску. Ты не павінен рабіць тое, што асудзяць людзі. На мяне вельмі паўплываў касцёл. Але ён выхаваў не столькі беларускасць, колькі духоўнасць і душэўнасць. Чалавек не павінен прыносіць нікому шкоды. Можна шмат казаць пра беларускасць і не быць беларусам. Каб быць беларусам, трэба ведаць мову, гісторыю хаця б свайго краю, з павагай ставіцца да людзей, якія навокал цябе; тое, што ты робіш, павінна агучвацца на нашай мове; шчыльна знаёміцца з тым, што ёсць на гэтай зямлі. І гэта павінна ісці з душы.

Эдуард Мацюшонак, мастак.